Артыкул Яўгена Прэйгермана «Беларуская дзяржаўнасць стаіць перад сур'ёзным выпрабаваннем» выклікаў шматлікія рэакцыі. Даслаў адказ на яго і Алесь Чайчыц з Рады БНР.

Каранавірус і эканамічны крызіс, які ён выклікаў, безумоўна, сталі выпрабаваннем для ўсяго свету. На фоне крызісу, канечне, ёсць тыя, хто ставіцца да яго легкадумна, і тыя, хто, наадварот, перабольшвае пагрозу.

Але я не заўважыў, каб у Латвіі, Польшчы ці якой іншай краіне нашага рэгіёна гаварылі пра гэты крызіс як пра пагрозу сваёй дзяржаўнасці. Так, сур'ёзная праблема. Але каб пагроза самому існаванню дзяржавы? Не.

Чым Беларусь адрозніваецца ад Латвіі, Польшчы ці іншых нармалёвых краінаў Усходняй Еўропы? Тым, што ў Беларусі ўжо дваццаць пяць гадоў пануе аўтарытарны рэжым, а ў Латвіі ці Польшчы — не. Што ў Беларусі ў рэчаіснасці не працуюць многія ключавыя законы і няма змены ўлады — а ў Латвіі ці Польшчы ці Румыніі законы больш-менш працуюць і ўлада мяняецца. 

Выпрабаванне для беларускай дзяржаўнасці мае імя і прозвішча: Аляксандр Лукашэнка. Чалавек, які меў шанец зрабіцца заснавальнікам і ўмацавальнікам беларускай дзяржаўнасці, адпрацаваць законны пяцігадовы тэрмін і з гонарам сысці ў адстаўку, — гэты чалавек насамрэч стаў галоўнай пагрозай для гэтай дзяржаўнасці.

Бо, разбурыўшы і без таго эмбрыянальныя дэмакратычныя інстытуты дый проста сістэму апаратных стрымак і супрацьваг у тым прымітыўным выглядзе, у якім яна існавала ў часы савецкага рэжыму, Лукашэнка прывязаў дзяржаву да сваёй асобы і лёс гэтай дзяржавы — да свайго лёсу.

Калі Аляксандр Лукашэнка заўтра, не дай божа, памрэ ад каранавіруса, гэта будзе востры крызіс для беларускай дзяржаўнасці з цалкам непрадказальнымі вынікамі. Калі памрэ Трамп, Меркель ці латвійскі прэзідэнт Левітс, спрацуюць вызначаныя механізмы, з'явіцца іншая фігура, жыццё без перапынку будзе ісці далей сваім ходам.

Аўтарытарны рэжым у Беларусі паламаў сотні жыццяў самаахвярных, таленавітых і яскравых людзей, каго дзяржаўная прапаганда і разам з ёй Яўген Прэйгерман грэбліва называюць «змагарамі» і «барыкаднікамі». Гэтая ўлада кінула за краты Мікалая Статкевіча і Паўла Севярынца; пад пагрозай забойства ці турмы вымусіла эміграваць Зянона Пазняка і дзясяткі ці сотні іншых палітыкаў і актывістаў. Пад кожныя выбары ад 1996 да 2010 года дзясяткі і сотні людзей збівалі, прыніжалі, катавалі, саджалі на суткі, выганялі з працы і з універсітэтаў.

А цяпер усім гэтым людзям прапануецца «нарэшце палітычна пасталець» і пайсці на супрацу з гэтай аўтарытарнай уладай? Сур'ёзна?

Дыялог беларускаму грамадству неабходны. Але першы крок да гэтага павінна пераканаўча зрабіць сама дзяржава. Запрасіце лідараў апазыцыі да размовы як раўнапраўных і паважаных партнёраў. Адкрыйце дзяржаўныя СМІ як пляцоўку для грамадскага дыялогу, а не для прапаганды і ачарнення апазіцыі — якое не спыняецца і ў цяперашні час. Дайце акрэдытацыю «Белсату».

Нішто іншае не будзе сведчыць пра сур'ёзнасць намераў беларускай улады. І пагроза беларускай дзяржаўнасці — а яна існуе, і тут я цалкам пагаджаюся з Яўгенам Прэйгерманам — будзе рабіцца толькі большай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?