Wikimedia Commons

Wikimedia Commons

У Сейм Польшчы ўнесены праект змяненняў у Канстытуцыю, які прадугледжвае павелічэнне тэрміну прэзідэнцкіх паўнамоцтваў да 7 гадоў. Ініцыятарам праекта з'яўляецца партыя «Згода» («Porozumienie»), пад ім таксама падпісаліся дэпутаты ад правячай партыі «Права і справядлівасць», паведамляе Радыё Польшча.

Прапанаваны праект складаецца з трох палажэнняў і прадугледжвае змяненне артыкула 127 Канстытуцыі Польшчы. Згодна з прапановай, прэзідэнт Рэспублікі Польшча павінен абірацца на адзін сямігадовы тэрмін без права перавыбрання.

У дакуменце гаворыцца, што прапанову аб сямігадовым прэзідэнцкім тэрміне неабходна ўжыць у адносінах да дзейнага кіраўніка дзяржавы, гэта значыць Анджэя Дуды, падоўжыўшы, такім чынам, яго паўнамоцтвы яшчэ на 2 гады.

У абгрунтаванні праекта паправак згадваецца, сярод іншага, неабходнасць умацавання стабільнасці паўнамоцтваў прэзідэнта ў сітуацыі «беспрэцэдэнтнай пагрозы прававой і грамадскай бяспекі грамадзян Польшчы, звязанай з эпідэміяй COVID-19».

Пад праектам паправак, акрамя дэпутатаў «Згоды», падпісаліся кіраўнік «Права і справядлівасці» Яраслаў Качыньскі, прэм'ер-міністр Матэвуш Маравецкі і віцэ-прэм'ер Польшчы Петр Гліньскі.

Першы тур прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы павінен прайсці 10 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0