Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных

«Памяць аб Вялікай Айчыннай вайне стала мішэнню маніпуляцый, гэтая атака не мае нічога агульнага з гісторыяй. Яна скіраваная на знішчэнне нацыянальнай і рэгіянальнай самасвядомасці», — напісаў у фэйсбуку дэпутат Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных. 

«А якая ў вас, даруйце, «рэгіянальная самасвядомасць?» «Рэгіянальная супольнасць» і з кім у вас «блізкасць культурнага і каштоўнаснага коду?» — адразу пацікавіліся ў каментарах. 

«Напрыклад, з краінамі ЕАЭС», — адказаў Савіных. 

ЕАЭС — гэта гандлёвая арганізацыя, у рамках якой свабодна перасоўваюцца тавары краін-удзельніц. У ЕАЭС уваходзяць Беларусь, Расія, Арменія, Казахстан і Кыргызстан. 

«Наша Ніва» пацікавілася ў Савіных, якую канкрэтна агульнасць культурных кодаў ён угледзеў паміж беларусамі і, напрыклад, кыргызамі. 

«У гэтых краін існуе супольнае ўяўленне аб светапарадку, шмат у чым супадаюць каштоўнасці — традыцыйныя і кансерватыўныя. Напрыклад, сямейныя каштоўнасці. Ёсць разуменне, што толькі разам, фарміруючы агульную эканамічную прастору, мы зможам забяспечыць дабрабыт для нашых грамадзян. Вось гэта і з'яўляецца самасвядомасцю. Усведамленнем таго, што нам трэба жыць у саюзе і ўмацоўваць нашыя інтэграцыйныя сувязі», — перакананы Савіных. 

Сямейныя каштоўнасці сярэднеазіяцкіх народаў даволі спецыфічныя з пазіцый беларуса — прымальнай з'явай лічыцца фактычнае шматжонства, практыкуюцца выкупы і гвалтоўныя выкраданні нявест.

«Я дапускаю, што ў слова «самасвядомасць» вы ўкладаеце іншы сэнс, які абмяжоўваецца, хутчэй, рамкамі нацыянальнага, я ж укладаю эканамічны і інтэрнацыянальны сэнс», — дадаў дэпутат. 

На пытанне, чаму нарошчванне інтэграцыйных сувязяў з кыргызамі больш каштоўна для Беларусі, чым сувязі з палякамі і літоўцамі, Савіных сказаў, што ў існай сітуацыі прасцей гандляваць з краінамі ЕАЭС. Але, маўляў, з палякамі таксама трэба, проста рабіць гэта цяжэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0