Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Фота Надзеі Бужан

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Фота Надзеі Бужан

Міністэрства аховы здароўя адмаўляецца сістэматычна публікаваць статыстыку пра колькасць выпадкаў каранавіруса па рэгіёнах Беларусі. Хоць статыстыка па іншых захворваннях, у тым ліку вірусных, рэгулярна публікуецца Белстатам.

Разам з тым лічбы пра колькасць выпадкаў прасочваюцца на розных узроўнях. Часам іх агучваюць рэгіянальныя санэпідстанцыі, часам — мясцовая прэса са спасылкай на галоўных дактароў бальніц. Нарэшце, статыстыку агучваюць на пасяджэнні абласнога штаба ў Віцебску.

І гэтыя апублікаваныя лічбы істотна адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі Міністэрства аховы здароўя.

Чытайце. Мінздароўя: На Брэстчыне 3 чалавекі з каранавірусам. Санстанцыя: У вобласці 28 станоўчых тэстаў

Яскравы прыклад — сённяшняя сітуацыя з Докшыцамі, Бешанковічамі і Лёзнам.

«У Докшыцкім раёне зафіксавалі 72 выпадкі каранавіруса, Бешанковіцкім — 27, Лёзненскім — 22»,

— заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі падчас пасяджэння абласнога штаба. Яго словы перадае БелТА. Гэта ранішняе пасяджэнне, на ім агучваюцца вынікі па стане на 6-ю гадзіну раніцы.

Міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік падчас брыфінгу вырашыў таксама прайсціся па гарачых кропках.

«У Докшыцах 20 пацыентаў з лабараторна пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. У Бешанковічах — 7, у Лёзне — 8», — агучыў свежую статыстыку міністр праз некалькі гадзін пасля пасяджэння ў Віцебску. Статыстыка міністра — гэта тая самая статыстыка, паводле якой агулам у Беларусі 4779 выпадкаў.

Ці магло быць, што Каранік агучыў інфармацыю менавіта па горадзе, а не па раёне ў цэлым? Наўрад ці. Таму што ніхто не вядзе статыстыкі па горадзе асобна, а па раёне асобна, калі гаворка пра сельскія раёны. Дый праз некалькі секунд, згадваючы сітуацыю ў Мядзелі, міністр казаў агулам пра «жыхароў раёна».

Адказ тэарэтычна можа быць у розных казуістычных фармулёўках ці ў тым, што інфармацыя з абласцей суміруецца міністэрствам толькі праз некалькі дзён.

У якасці прыкладу можна ўзяць сітуацыю з нібыта хворымі на каранавірус 15 расіянамі на будаўніцтве АЭС. Іх першы тэст (як падкрэслівалася, расійскі, няякасны) даў станоўчы вынік. Але ўсе наступныя паказалі, што хваробы і не было. І што тады? Інфармацыя пра 15 хворых расіян агучвалася кіраўніцтвам вобласці, але ці трапіла ў статыстыку Мінздароўя? А калі трапіла, то што зрабілі пасля, выкраслілі іх? 

«Наша Ніва» не атрымала магчымасці задаць гэтыя пытанні падчас брыфінгу Уладзіміра Караніка, хоць і прасіла пра гэта.

Факт застаецца фактам: лічбы, якія агучыла Міністэрства аховы здароўя ў пятніцу, у 3-4 разы адрозніваюцца ад лічбаў, якія ў той жа дзень апублікавалі структуры на месцах. У бок заніжэння.

Працяг тэмы: Мінздароўя патлумачыла, чаму словы Караніка і абласнога кіраўніцтва адрозніваюцца ў разы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0