Віктар Марціновіч піша на budzma.by пра сітуацыю ў нашай краіне, якая пачынае нагадваць адзін вядомы нямецкі фільм.

Суботнік, кажаце?

Дзяцей у школы вяртаць?

Бо «сёння з’явіўся маленькі праменьчык надзеі» і «ў нас ужо больш вызвалілася ложкаў, чым мы шпіталізавалі людзей»?

А яму ніхто не сказаў, што пазаўчора быў гэты загад Міністэрства аховы здароўя?

І менавіта ПАСЛЯ вызваліліся ложкі?

Я нарэшце зразумеў, што мне гэта нагадвае. Сітуацыя, у якой мы аказаліся.

Калі на рынках, для людзей, ідуць абвесткі пра абавязковую абарону ад «віруснай інфекцыі», а для тэлевізара, які глядзіць адзін чалавек, здымаюцца вось такія відосікі.

Калі ў крамах сустракаеш перапужаных прадавачак у масках, а звыш, з нябёсаў, табе кажуць, што віруса няма, вакол толькі паніка.

Калі штодзённа ў стужцы чытаеш пра новага нябожчыка з ліку ўскосна знаёмых, які памёр «не ад каранавіруса».

Але хавалі ў закрытай труне і ўсіх родных замкнулі ў ізаляцыю.

Калі ты ўжо не ведаеш, хто будзе наступным. І што адбываецца насамрэч. Але прынамсі адзін чалавек упэўнены, што «ўсё пад кантролем».

Дык вось.

Быў такі фільм, «Гуд бай, Ленін». Вытворчасці нямецкіх кінематаграфістаў.

Кіно — пра адданую камуністку, якая трапіла ў кому якраз у той момант, калі Берлінскі мур абрынуўся, людзі з Усходу ламануліся на Захад па працу, грошы і кока-колу, людзі з Захаду прыклыпалі на Усход, бо там вызвалілася шмат панэльнага савецкага жылля. Калі раптоўна грымнуў капіталізм, а вуліцы расквітнеліся рэкламай.

Сын гэтай камуністкі (што цікава, Аляксандр) пасля комы вырашыў забраць маці дадому. І зладзіў ёй паказальную ГДР у асобна ўзятай кватэры. Справа Леніна перамагла на 70 квадратных метрах! Бабуля жыла, думаючы, што краінай дагэтуль кіруе Хонэкер і Сацыялістычная адзіная партыя Германіі. І сыну, канечне, трэба было вынаходзіць тэрміновыя тлумачэнні для рэкламы «Кока-колы» на супрацьлеглай сценцы, для таго, чаму на вуліцы стала так шмат іншамарак, але ён спраўляўся.

Трэба ідэю паглыбляць, таварышы міністры і супрацоўнікі бліжняга кола. Калі ўрад ужо пачаў ствараць асобную эпідэміялагічную карцінку для аднаго чалавека, калі ў нас пачаў выконвацца загад пра тое, што ніхто не памрэ ад каранавіруса (вам магло падацца, што гэта прагноз, але з улікам асобы прагназіста сістэма ўспрыняла фразу менавіта як загад), дык навошта спыняцца?

Давайце тады так.

Бяром трох чыноўнікаў, якіх не асабліва шкада, з якога-небудзь райвыканкама, даём ім бервяно і загадваем з тым бервяном таптацца па маршруце шпацыраў галоўнага гледача.

Для тэлебачання з імі здымаем асобны сюжэт, карыстаючыся блаславёнай тэхнікай венецыянскага пераапранання. Вось тыя трое — дворнікі ў памаранчавых робах — мятуць асфальт. Вось яны ж у выглядзе студэнтаў корпаюцца ў полі. Хай там камяні якія пакачаюць ці што. Калі для карцінкі трэба больш фігурак, можна скарыстацца функцыяй multiply у відэарэдактары.

Вось ужо ў форме «Зелянбуда» яны абскубаюць галінкі з дрэваў. Вось, апранутыя ЖЭСаўцамі, аддана замазваюць фразы «Уводзьце каранцін!» на жылым фондзе. Твары ў дзяржаўных людзей усюды аднолькавыя, то адзіны глядач не мусіць ні пра што здагадацца.

Далей — запісвайце — адзяваем гэтых чудзікаў у школьную форму і з панядзелка садзім за парту. І хай адзін з іх абавязкова будзе дзевачкай. З банцікамі. Сядзіць, запісвае там, малюнкі якія крэмзае. Усё як па-настаяшчаму.

А Міністэрства адукацыі тым часам жывых, нармальных дзетак тэрмінова пераводзіць у Moodle і Zoom, на дыстанс. Калі не ведаюць, як гэта зрабіць, хай спытаюцца ў мяне, я ў ЕГУ лекцыі дыстанцыйна чытаў апошнія 10 гадоў, калі яшчэ ніякага каранціну не было, магу даць парады ў імя будучыні маладой генерацыі.

Ну і апошняе.

Парад.

Тут, вядома, нашым тром дзядзечкам давядзецца падзапарыцца. Скінуць, можа, трохі вагі. Падцягнуць жываты. Пафарбаваць свае мажныя джыпакі ў зялёны колер і прымайстраваць да іх якую трубу, каб выглядалі як танкетка. Навучыцца цягнуць нагу. Раўці «Ура!» перад трыбунай.

А жаўнеры хай паберагуць здароўечка. Час цяпер такі ў свеце, што абаронцы Айчыны могуць да восені спатрэбіцца нам жывыя і ў поўным складзе. То не мардуйце вы людзей парадамі, не стаўце пад пагрозу абараназдольнасць.

Што?

Вы баіцеся, нехта пабачыць падман?

Ведаеце, калі дагэтуль не пабачыў, калі дагэтуль думае, што вакол ніякай эпідэміі, толькі «каронапсіхоз», — не заўважыць і так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?