Брэсцкі абласны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі абяцаў размяшчаць інфармацыю пра колькасць выпадкаў COVID-19 у вобласці тры разы на тыдзень. Але апошняя такая інфармацыя з'явілася на яго сайце 8 красавіка. А пасля і яна знікла са старонкі.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Брэсцкай вобласці 10 дзён таму, 8 красавіка, з каранавірусам шпіталізавалі 3 чалавек. Гэта даныя на 8:00 8 красавіка.

У той жа дзень Брэсцкі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя апублікаваў на сваім сайце наступную статыстыку:

«Па стане на 8:00 8 красавіка на тэрыторыі Брэсцкай вобласці выяўлена 28 станоўчых тэстаў на COVID-19 у пацыентаў з прыкметамі вострай-рэспіраторнай інфекцыі, якія знаходзяцца на шпіталізацыі ў лячэбных установах вобласці, а таксама ў асобаў, якія з'яўляюцца кантактамі першага і другога ўзроўню.

У тым ліку: Лунінец — 17, Брэст — 6, Столін — 2, Баранавічы, Ганцавічы, Янава — па 1».

На наступны дзень пасля гэтага, 9 красавіка, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс паведаміў:

— Сёння 222 чалавекі пад наглядам у стацыянарах, галоўным чынам у інфекцыйным аддзяленні Брэсцкай абласной клінічнай бальніцы, каранавірус пацверджаны ў 41 чалавека з іх, больш за ўсё ў Лунінецкім раёне — 26, у Брэсце — 6. 

У той жа дзень Мінздароўя паведамляла, што ў Брэсцкай вобласці шпіталізавалі 17 чалавек.

На пытанне наконт прычыны разыходжання ў звестках адказу журналісты не атрымалі.

Урэшце, паведамленне ад 8 красавіка выдалілі з сайта Брэсцкай абласной санстанцыі. 

Чаму так сталася? «Інфармацыі мы не даём», — адказаў «Нашай Ніве» Уладзімір Кляцко, намеснік кіраўніка Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Па афіцыйнай інфармацыі, якая сыходзіць ад Мінздароўя, па стане на 17 красавіка ў Брэсцкай вобласці было выяўлена 112 выпадкаў каранавіруса.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0