43-гадовы доктар Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы памёр у ноч з нядзелі на панядзелак. Як распавядае яго калега, усё здарылася на працы, мужчыну стала дрэнна, ён выйшаў. Калі не вярнуўся, калегі сталі яго шукаць — знайшлі нежывое цела. Апошнім часам доктар працаваў у рэанімацыі, дзе ляжаць пацыенты з COVID-19, паведамляе Tut.by.

— Сёння ноччу ў нашай бальніцы памёр доктар-рэаніматолаг, малады мужчына, 43 гады. Ноччу падчас змены яму стала дрэнна, выйшаў, а калі калегі праз гадзіну сталі шукаць, знайшлі мёртвым у распранальні. Ён працаваў у ковіднай рэанімацыі па зменах, 6 гадзін адпрацаваў днём, потым столькі ж адпачываў і зноў вярнуўся ў аддзяленне, — распавядае TUT.BY супрацоўнік Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, які захацеў застацца ананімным.

Па словах суразмоўцы, рэанімацыя, дзе ляжаць пацыенты з COVID-19, адкрылася 17 красавіка. Да гэтага хворыя з дыягназам «каранавірус» былі, але знаходзіліся ў іншым памяшканні. Колькі ўсяго пацыентаў з COVID-19, супрацоўнік клінікі не ведае. Гэтую інфармацыю не абнародуюць нават для дактароў.

— Ніхто не дае ніякай інфармацыі. Ведаю, у нас у паліклініцы быў пацыент, якога прымалі дактары, медсёстры, пазней у яго пацвердзіўся каранавірус. Ці адправілі медыцынскі персанал на каранцін, не ведаю, усе маўчаць, таму цяжка судзіць, — працягвае супрацоўнік бальніцы. — Інфекцыйнае аддзяленне запоўнена, было некалькі цяжкіх пацыентаў у рэанімацыі. Былі і тыя, хто ляжаў у тэрапіі, потым пацвярджаўся аналіз, і іх пераводзілі ў інфекцыйнае. Разумееце, у нас цяпер няма планёрак, няма ніякай інфармацыі, усе сядзяць у сваім аддзяленні, часам па электроннай пошце дасылаецца загад Міністэрства аховы здароўя.

Як адзначае супрацоўнік Лідскай цэнтральнай раённай бальніцы, цалкам сродкамі індывідуальнай абароны ўкамплектаваны пульманалогія і рэанімацыя з пацыентамі, у якіх пацверджаны COVID-19. Але ў іншых аддзяленнях, паводле словаў крыніцы, цалкам іншая сітуацыя:

— Напэўна, на складзе ўсё ёсць, у нас жа няма масак на кожны дзень, ходзім у марлевых. Пакуль у рэгіёне нічога не здарылася, гуманітарная дапамога не даязджае, як, напрыклад, у Мінск, Віцебск, Гомель. Цяпер у нас ёсць марлевыя маскі, яшчэ выдалі ў выглядзе пракладак з сінтэпону з ватавым пластом, іх надзяваем толькі ў рэанімацыю, а так працуем у марлевых масках, аднаразовых каўпаках. Пальчатак дастаткова, таксама апранаем медыцынскі фартух і нарукаўнікі. Гаворка пра тое, што іншым аддзяленнях не ўзмацнілі абарону, некаторыя мыюць маскі і сушаць на батарэі.

На сайце мясцовай бальніцы з'явіліся спачуванні ў сувязі са смерцю доктара.

«Увесь калектыў установы аховы здароўя «Лідская цэнтральная раённая бальніца» смуткуе ў сувязі з раптоўным зыходам з жыцця доктара-рэаніматолага С., смерць якога наступіла ноччу, 20 красавіка, у інтэрнаце, створаным для часовага пражывання медыцынскіх работнікаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай смерці з'явілася вострая каранарная недастатковасць. Выказваем словы спачування блізкім і родным з нагоды гора, якое здарылася з імі», — паведамляецца на сайце мясцовай бальніцы.

— Лідскім раённым аддзелам СК па гэтым факце праводзіцца праверка, прызначана судова-медыцынская экспертыза. Усе абставіны здарэння выяўляюцца, — пракаментавала TUT.BY Іна Пазняк, афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?