Кіраўнік місіі СААЗ Патрык О'Конар, фота Вадзіма Заміроўскага

На сайце Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з'явіўся спіс рэкамендацый Беларусі па выніках місіі незалежных экспертаў, якія ацэньвалі, як у нашай краіне змагаюцца з каранавірусам. СААЗ рэкамендуе адкласці ўсе масавыя мерапрыемствы — і спартыўныя, і рэлігійныя, і культурныя, а таксама перавесці школы і ўніверсітэты на дыстанцыйнае навучанне, піша Tut.by.

Місія СААЗ прыбыла ў Беларусь па запрашэнні Аляксандра Лукашэнкі. Падкрэслівалася, што незалежныя эксперты павінны ацаніць, як краіна вырашае праблему з распаўсюджваннем каранавіруса і даць рэкамендацыі, што варта палепшыць у гэтым кірунку.

Спецыялісты Сусветнай арганізацыі аховы здароўя пабывалі ў бальніцах у Мінску, Віцебскай і Мінскай абласцях. На выніковай прэс-канферэнцыі яны падкрэслівалі, што самі выбіралі ўстановы аховы здароўя, перашкод з боку беларускіх уладаў не было. Удзельнікі місіі сустрэліся таксама з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў (у тым ліку пенітэнцыярнай сістэмы), сацыяльнай абароны.

Сярод станоўчых момантаў СААЗ адзначыла сістэмны падыход эпіднагляду ў Беларусі, адсочванне кантактаў і ізаляцыю хворых, наяўнасць лабараторый для апрацоўкі тэстаў, размежаванне пацыентаў у паліклініках і шпіталях, каб папярэдзіць перадачу віруса, пры гэтым працягваецца аказанне асноўных медыцынскіх паслуг па хранічных захворваннях, матчыным здароўі і псіхічным здароўі. Эксперты далі станоўчую ацэнку аператыўнай арганізацыі вытворчасці сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў унутры краіны, паколькі пастаўкі на глабальным рынку скарачаюцца.

А вось асноўныя рэкамендацыі СААЗ:

Узмацніць сацыяльнае дыстанцыяванне, прычым спецыялісты падкрэсліваюць, што гаворка ідзе не пра самаізаляцыю, гаворка ідзе пра тое, каб скараціць па максімуме неабавязковыя перамяшчэнні, асабліва для людзей з хранічнымі захворваннямі і для пажылых людзей, а таксама адкласці масавыя мерапрыемствы — і культурныя, і спартыўныя, і рэлігійныя. Акрамя таго, варта перавесці на дыстанцыйнае навучанне школы і ўніверсітэты. Абедзве гэтыя рэкамендацыі на дадзены момант Беларусь не выконвае альбо выконвае часткова — дзеці працягваюць хадзіць у школы (аднак ёсць магчымасць застацца дома), па-ранейшаму праходзіць чэмпіянат па футболе, цэрквы і касцёлы былі адкрыты на Вербніцу і Вялікдзень. Рашэнне аб адмене параду на 9 мая ўсё яшчэ не прынята, працягваецца падрыхтоўка да мерапрыемства.

Дзяржава павінна інфармаваць грамадскасць пра рызыкі, рэкамендацыі адносна здароўя людзей, меры рэагавання. Гэтая рэкамендацыя не заўсёды выконваецца: напрыклад, статыстыка пра колькасць хворых публікуецца без разбіўкі па раёнах і нерэгулярна.

Змяшчаць на каранцін пацыентаў з пацверджаным каранавірусам і іх кантакты. Гэтая рэкамендацыя выконваецца, за парушэнне рэжыму самаізаляцыі прадугледжана адміністрацыйная адказнасць (штраф да 30 б. в.), а ў выпадку заражэння іншага чалавека — крымінальная.

Працяг аказання асноўных медыка-санітарных паслуг і сацыяльна-эканамічнай падтрымкі, якія патрабуюцца, асабліва найбольш уразлівым. Дадзеная рэкамендацыя выконваецца: для пажылых людзей, якія знаходзяцца ў групе рызыкі, арганізавана дастаўка на дом прадуктаў і лекаў сіламі сацыяльных работнікаў і валанцёраў.

Міжгаліновае супрацоўніцтва. Гэтая рэкамендацыя таксама выконваецца. У Міністэрстве аховы здароўя рэгулярна сустракаюцца спецыялісты розных органаў улады для выпрацоўкі агульных рашэнняў па прадухіленні распаўсюджвання каранавіруса.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?