«Гэты дзень можна лічыць пахаваннем ці не? Труну з бацькам апячаталі і пад аховай павезлі ў крэматорый. Нас да таты не падпусцілі, апазнання не было», — мінчук Дзяніс Раманчук некалькі дзён таму страціў бацьку, прычына смерці — каранавірусная інфекцыя. Праз некалькі гадзін пасля страшнай страты мама Дзяніса апынулася ў бальніцы з пнеўманіяй і COVID-19, астатнія члены сям'і зараз на ізаляцыі, піша Tut.by.

Анатоль Раманчук разам з жонкай Святланай. Фота: перададзена героем публікацыі.

Анатоль Раманчук разам з жонкай Святланай. Фота: перададзена героем публікацыі.

4 красавіка сям'я Раманчукоў сабралася за святочным сталом у цесным коле: Анатоль Канстанцінавіч святкаваў свой 57-ы дзень нараджэння. Як кажа яго сын Дзяніс, гэта быў «моцны мужчына, не курыў, не хадзіў асабліва па дактарах і быў дастаткова здаровы». Тады ніхто не мог уявіць, што праз некалькі дзён Анатоль Канстанцінавіч сканае ў бальніцы, жонцы ў дзень яго смерці пацвердзяць COVID-19 і пнеўманію, а астатнія члены сям'і апынуцца на ізаляцыі.

Ужо шмат гадоў Анатоль Раманчук працаваў разам з жонкай у гімназіі № 34 Мінска, ён — рабочым, жонка — намеснікам дырэктарам па адміністрацыйна-гаспадарчай рабоце. У размове з намі сын Дзяніс адзначае: увесь свой час бацькі аддавалі працы і дому, адпачываць ездзілі не за мяжу, а на радзіму Анатоля Канстанцінавіча ў Брэсцкую вобласць.

— 7 красавіка мы сустрэліся з бацькам, ён усміхаўся, ніякіх скаргаў на здароўе. Я тады не ведаў, што бачыў тату апошні раз… Ён да апошняга хадзіў на працу, а 9 красавіка ў яго паднялася тэмпература да 39,5. Мама выклікала лекара на дом, ён агледзеў тату і адмовіў у выкліку хуткай дапамогі, хоць мама настойвала: «Не проста ж так у здаровага чалавека паднялася тэмпература!» І тады мама вырашыла сама набраць 103, патлумачыла сітуацыю, там адказалі: раз лекар адмовіў, значыць шпіталізацыі не будзе, — распавядае падзеі 9 красавіка Дзяніс Раманчук.

— Тата неяк пратрымаўся ноч і раніцай 10 красавіка сам паехаў у паліклініку, адседзеў у чарзе, зрабіў здымак — і адразу ж двухбаковая пнеўманія. У бальніцы не хуткую выклікалі, а сказалі ехаць у бальніцу, — Дзяніс змаўкае. Ці быў у яго бацькі шанец на жыццё? Ці маглі Анатоля Канстанцінавіча выратаваць, калі б шпіталізавалі яшчэ 9 красавіка? Дзянісу здаецца, што так.

Далей, па яго словах, Канстанцін Раманчук сам прыехаў у РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі і тут жа быў шпіталізаваны.

— Месцаў не было і тату паклалі ў памяшканне для медперсаналу, пераабсталяванае пад палату. Яму ставілі кропельніцу некалькі раз на дзень, давалі таблеткі, уколы. Тату станавілася горш. Праз два дні, 12 красавіка, яго перавялі ў рэанімацыю, сталі даваць кіслародную маску. Без яе ён нават не мог выйсці ў прыбіральню, падаў. Я пытаўся ў бальніцы, што трэба, магчыма, не хапае нейкіх лекаў, мы б пастараліся дастаць: «Усё ёсць, мы лечым па пратаколе, не хвалюйцеся», — успамінае тую размову Дзяніс Раманчук.

У той момант, па словах сына памерлага, гаворкі пра каранавірус не было. Да апошняга дня жыцця яго бацька быў у рэанімацыі, 57-гадовы Анатоль Канстанцінавіч памёр раніцай 16 красавіка.

— У той жа дзень уся сям'я адразу выклікала хуткую, мама з малодшым братам па адным адрасе, я з жонкай — па іншым. Тут жа стаў набіраць гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя, за гадзіну так і не датэлефанаваўся, там альбо занята, альбо не здымаюць трубкі. У выніку датэлефанаваўся да санэпідслужбы, патлумачыў: тата памёр, магчыма, мы ўсе заражаныя, — працягвае распавядаць Дзяніс Раманчук.

Брыгада хуткай дапамогі даставіла сям'ю ў 5-ю бальніцу, ва ўсіх узялі аналізы, зрабілі здымак. Стан здароўя Раманчукоў не выклікаў засцярогі, і ўсіх адпусцілі дадому. Пазней у поўнай экіпіроўцы, у ахоўным касцюме да іх прыйшоў доктар з паліклінікі, узяў мазкі на каранавірус і даў падпісаць дакумент пра самаізаляцыю. У выпадку парушэння — штраф да 50 базавых велічынь. Цяпер кожны дзень міліцыя правярае: ці знаходзяцца дома Раманчукі.

— Два дні нам не аддавалі ні цела, ні дакументы. Мы не ведалі, што рабіць, як забраць цела таты. А раніцай 18 красавіка бюро рытуальных паслуг, куды мы звярнуліся, звязаліся з намі: ім аддалі апячатаную труну, у крэматорый везлі яго з аховай, каб ніхто не адкрыў. Я не ведаю, гэты дзень можна лічыць пахаваннем ці не? Нас да таты не падпусцілі, апазнання не было, а я хацеў развітацца… Зразумейце, мне вельмі цяжка, да апошняга не верыцца, — уздыхае Дзяніс. — Пра тое, што ў таты каранавірус, мы даведаліся ад уладальніка бюро рытуальных паслуг, калі ён забіраў цела, яму аддалі даведку пра смерць.

Зараз на руках у Дзяніса медыцынскае пасведчанне аб смерці, у ім названа «захворванне, якое непасрэдна прывяло да смерці — лёгачна-сардэчная недастатковасць», «захворванне, якое выклікала непасрэдную прычыну смерці — двухбаковая вірусная пнеўманія», «асноўная прычына смерці — каранавірусная інфекцыя». У пасведчанні аб смерці ў графе «прычына» ўказана В97.2.

Асноўная прычына смерці Анатоля Канстанцінавіча — каранавірусная інфекцыя. Фота: перададзена героем публікацыі.

Асноўная прычына смерці Анатоля Канстанцінавіча — каранавірусная інфекцыя. Фота: перададзена героем публікацыі.

Як кажа Дзяніс, ён два дні тэлефанаваў па розных тэлефонах, каб даведацца пра вынікі тэсту на каранавірус. Дакладнага нумара, па якім можна даведацца гэтую інфармацыю, яму не далі. У дзень смерці Анатоля Раманчука, 18 красавіка, сям'я даведалася: ад жонкі нябожчыка тэст на COVID-19 станоўчы, у астатніх — адмоўны.

— Маму шпіталізавалі, зрабілі здымак грудной клеткі, ужо другі, ён нічога не паказаў, але лекара нешта збянтэжыла. Яшчэ раз зрабілі здымак- - і ўжо аднабаковая пнеўманія. Цяпер мама ляжыць у 3-й бальніцы ў аддзяленні кардыялогіі, цяпер там знаходзяцца людзі з пацверджаным каранавірусам.

У крэматорыі Дзянісу выдалі паперу: урну з прахам бацькі ён зможа забраць 27 красавіка. Сям'я хоча пахаваць Анатоля Канстанцінавіча на радзіме ў Брэсцкай вобласці, але, калі гэта будзе, незразумела. Спачатку маму павінны выпісаць з бальніцы, у астатніх членаў сям'і скончыцца ізаляцыя.

У пасведчанні аб смерці ў графе «прычына» ўказана В97.2. Фота: перададзена героем публікацыі.

У пасведчанні аб смерці ў графе «прычына» ўказана В97.2. Фота: перададзена героем публікацыі.

— Мой тата працаваў у гімназіі № 34 і, хутчэй за ўсё, падхапіў вірус там. Да гэтага ў гімназіі захварэла супрацоўніца, а потым напісала заяву на звальненне. А мой тата з ёй увесь час кантактаваў. На што яна захварэла? Мы не ведаем, але гімназія № 34 працягвае працаваць, — кажа Дзяніс. — Я вам гэта распавядаю, таму што не хачу, каб паміралі беларусы. Магчыма, пачытаўшы гэтую гісторыю, людзі пачнуць пазбягаць людных месцаў, абмяжуюць зносіны. Вядома, нам патрэбен каранцін.

У гімназіі № 34 Мінска адмовіліся ад каментароў, але адзначылі, што ўстанова адукацыі працуе ў звычайным рэжыме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?