Фірма «Трайпл» мае збудаваць у цэнтры Мінску гіганцкі даходны дом, які разбурыць мінскі краявід. Піша архітэктар Iгар Байцоў.

У Мінску разнеслiся весткi, што ў цэнтры гораду, на беразе Свiслачы — побач з Траецкiм прадмесцем, неўзабаве пабудуюць вялiзарны гмах — 23‑павярховы жылы комплекс. Яго хочуць размясцiць на маленькiм лапiку зямлi — на тэрыторыi жылога кварталу памiж вулiцамi Максіма Багдановiча, Архiтэктара Заборскага i Старажоўскай. Калi праект ажыццявiцца, гмах будзе амаль у два з паловай разы вышэйшы за ўжо iснуючы побач доўгi жылы дом №8 па вулiцы Старажоўскай. У вынiку жыхары кварталу будуць пазбаўленыя паўнавартаснай дваровай прасторы, намнога паменшыцца натуральная асветленасць памяшканняў кватэр.

Гэты праект, выкананы УП «ТМ Ладкiна А.А.», супярэчыць усiм распрацаваным i зацверджаным раней горадабудаўнiчым канцэпцыям ансамблевай забудовы цэнтру гораду.

З’яўленне на гэтай тэрыторыi комплексу такiх грандыёзных памераў яўна не да месца. Сваёй празмернай вышынёй i масай гэты комплекс будзе прыгнятаць i прынiжаць усё архiтэктурнае атачэнне, што ўжо склалася. Гэты аб’ект будзе бачны з розных бакоў, а запраектаваны ён як нейкая архiтэктурная шырма з адным парадным бокам, арыентаваным на помнiк Пушкiну.

У панараме, бачнай з плошчы Восьмага сакавіка i схiлу Верхняга Гораду, ён будзе ўзвышацца над Траецкiм прадмесцем у вельмi няўдалых ракурсах, што прынясе вялiкую шкоду аблiччу забудовы. Вулiца Архiтэктара Заборскага — своеасаблiвая частка гiстарычнай вулiчнай сеткi, якая злучае прастору Траецкай гары з ландшафтам рачной далiны, — фактычна ператворыцца ва ўнутрыквартальны праезд. Помнiк Максiму Багдановiчу будзе звернуты тварам не да адкрытай прасторы i ракi, а да дваровага фасаду вялiзарнага жылога дому, несумаштабнага забудове вулiцы М.Багдановiча.

Жыхары кварталу нязгодныя з гэтым праектам, яны шукаюць дзейснай падтрымкi у розных iнстанцыях. Яны заклапочаны не толькi сур’ёзным пагаршэннем умоваў пражывання, якое iм пагражае. Яны заклiкаюць да рэканструкцыi i добраўпарадкавання гэтай тэрыторыi з улiкам яе гiстарычнага мiнулага.

Яны заклiкаюць улiчваць, што «гэты куток Старога Гораду на схiле Траецкай гары звязаны з iмёнамi першай беларускай пiсьменнiцы Алаiзы Пашкевiч; вядомага педагога, прафесiйнага фалькларыста, бiблiяфiла i бiблiёграфа Адама Багдановiча — бацькі Максiма Багдановiча, якi нарадзiўся ў доме, што знаходзiўся на вул. Аляксандраўскай, 25 (цяпер вул.Багдановiча, 23а); журналiста Аляксандра Уласава i iншых».

Жыхароў здзiўляе, што «на конкурснай аснове не было прапанавана праекту, якi б спалучаў у сабе iнтарэсы гораду i зберажэння гiсторыка‑культурных каштоўнасцяў». Жыхары кварталу падтрымлiваюць рэалiзацыю распрацаванага раней праекту ўзнаўлення дому Багдановiчаў, што знаходзiўся на дваровай тэрыторыi кварталу, i стварэнне ў iм музею. Частку кварталу яны прапануюць ператварыць у мемарыяльны сквер, у якiм быў бы да месца помнiк Алаiзе Пашкевiч. Усе гэтыя прапановы жыхароў даюць магчымасць стварыць годную цэнтру сталiцы выразную архiтэктурна‑ландшафтную кампазiцыю, якая ўзбагацiць прылеглую да ракi прастору.

Праект комплексу, распрацаваны УП «ТМ Ладкiна А.А.», узгоднены i ў Мiнiстэрстве культуры, i ў Камiтэце архiтэктуры i горадабудаўнiцтва, архiтэкту¬ры i добраўпарадкавання Мiнгорвыканкаму, хоць недапушчальнасць яго з’яўлення на гэтым месцы — рэч відавочная. Усе калегi‑архiтэктары, з якiмi мне давялося сустрэцца ў апошнi час, лiчаць менавiта так.

Няма сумневу, што i тыя з архiтэктараў, што ўдзельнiчалi ва ўзгадненнях праекту, гэта добра разумеюць. Бяда ў тым, што яны чыноўнiкi не такога высокага статусу, каб не паддацца моцнаму цiску багатых iнвестараў.

Цяпер, калi ва ўладальнiкаў вялiкiх грошай з’явiлася магчымасць будаваць у Мiнску высокiя дамы для атрымання прыбыткаў, яны iмкнуцца размясцiць свае пабудовы як наймага большых памераў на выпадковых месцах у самым цэнтры гораду — на пляцоўках пакуль не забудаваных цi з мiнiмальным зносам наяўных пабудоваў. Перашкода такiм iмкненням — канцэпцыя ансамблевай забудовы, якой кiравалiся дагэтуль пры праектаваннi беларускiя архiтэктары. Але цяпер на замовы прыватных iнвестараў распрацоўваецца шэраг праектаў на прынадных месцах у парушэнне ансамбляў, што ўжо склалiся. Фактычна гэта адмова ад самога прынцыпу ансамблевай забудовы, якi быў адной з самых галоўных каштоўных адметнасцяў Мiнска.

З’яўленне гэтага комплексу на Старажоўцы, цi хмарачосiка ля Кастрычнiцкай плошчы, цi высачэзных дамоў‑цылiндраў на вулiцы Максiма Танка будзе прэцэдэнтам, якi здыме ўсякiя маральныя абавязкi паважаць створанае папярэднiкамi i iх задумы. Мiнск, гэты «мiлы сэрцу горад мой», пачне хутка мяняцца стыхiйна i стане падобны на многiя гарады без архiтэктурнага мiнулага ў адсталых краiнах. А можа, усё ж такi грамадства прачнецца i адчуе калектыўную адказнасць за лёс нашай сталiцы?

У Мiнску ўжо многа разоў пачыналi ламаць iснуючае i перакройваць незавершанае. Пара ўжо спынiць гэтую недарэчную традыцыю i пачаць па‑еўрапейску зберагаць i паважлiва дапрацоўваць тое каштоўнае, што мы цяпер маем.

Ігар Байцоў

Хто будуе

ТАА «Трайпл», якое належыць блізкаму да беларускіх уладаў бізнэсоўцу Юрыю Чыжу (на фота), уладальніку мінскага футбольнага клубу «Дынама».

Што будуюць

Жылы комплекс з убудаванымі адміністрацыйнымі і гандлёвымі памяшканнямі і гаражом‑стаянкай.

Хто спраектаваў

Той самы архітэктар Алег Ладкін, што, разам з Юрыем Грыгор’евым, быў аўтарам праекту «Дому на набярэжнай» (вул.Старажоўская, 8).

Калі скончаць

Тэрміны будаўніцтва акрэсленыя ад студзеня 2009 да сакавіка 2012 г.

 Схематычная маштабная выява сiлуэту комплексу ўмантавана ў фотаздымак. Менавiта з гэтага ракурсу большасць мiнчукоў будуць бачыць гмах.

Схематычная маштабная выява сiлуэту комплексу ўмантавана ў фотаздымак.
Менавiта з гэтага ракурсу большасць мiнчукоў будуць бачыць гмах.

 Нават на рэкламнай камп’ютэрнай выяве комплексу бачна,што гэты аб’ект непамерна вялiкi для месца, дзе яго збiраюцца пабудаваць.

Нават на рэкламнай камп’ютэрнай выяве комплексу бачна,
што гэты аб’ект непамерна вялiкi для месца, дзе яго збiраюцца пабудаваць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0