Абмежаваньні пачалі дзейнічаць зь сярэдзіны красавіка. У клініках спасылаюцца на загад міністэрства, піша «Радыё Свабода».

З 10 красавіка дзяржаўныя стаматалягічныя паліклінікі пачалі паведамляць пацыентам, што змогуць абслугоўваць іх толькі ў выпадку вострага болю. Плянавы прыём пацыентаў можа аднавіцца ў сярэдзіне траўня, але гэта не дакладна.

«Паважаныя пацыенты. З 10 красавіка 2020 нашай паліклінікай аказваецца толькі экстраная мэдыцынская дапамога, — гаворыцца ў абвестцы на сайце 12-й стаматалягічнай паліклінікі Менску. — Плянавая стаматалягічная дапамога прыпыненая да асобага распараджэньня. Падстава: загад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 16 сакавiка 2020 г. №296 «Аб мерах па арганізацыі аказаньня мэдыцынскай дапамогі пацыентам з прыкметамі рэсьпіраторнай інфэкцыі і прыняцьця дадатковых мер у арганізацыях аховы здароўя».

У рэгістратуры паліклінікі кажуць, што прыём адновіцца не раней за 15 траўня. Прычынай абмежаваньняў называюць каранавірус.

У стаматалягічным аддзяленьні 10-й менскай паліклінікі «Свабодзе» пацьвердзілі, што таксама перасталі прымаць плянавых пацыентаў.

«Пакуль немагчыма сказаць, калі адновіцца прыём, — кажуць у стаматалёгіі. — Нашыя супрацоўнікі цяпер пераразьмяркоўваюць адпачынкі, сыходзяць на травень. Прыкладна да канца траўня, верагодна, мы ня будзем запісваць на прыём».

Разам з тым у прыватных стаматалёгіях «Свабодзе» паведамілі, што працягваюць працаваць у звычайным рэжыме. Запісацца на прыём пакуль можна без абмежаваньняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?