Трывожныя навіны прыходзяць са Стаўбцоўскага раёна. Пра ўспышку каранавіруса паведамляюць мясцовыя жыхары, аднак афіцыйных лічбаў улады не агучвалі. Сітуацыю ў раёне «Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Івана Мамайку, былога начальніка стаўбцоўскай міліцыі.

Іван Мамайка. Фота Надзеі Бужан

«На базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы разгорнуты інфекцыйны шпіталь, 139 месцаў. Туды шпіталізуюць з запаленнем лёгкіх. Паколькі частка хворых людзей накіроўваецца ў іншыя медыцынскія ўстановы (Валожын, Слонім, Мінск), можна зразумець, што людзей з запаленнем лёгкіх шмат», — кажа дэпутат.

Пацыентаў з іншымі дыягназамі бальніца прымае ізалявана. Для гэтага там створаная «чыстая зона» — пад яе парапрафілявалі хірургічнае аддзяленне.

Па словах дэпутата, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх пакуль дастаткова, тэхніку дадаткова прывозілі з іншых устаноў.

«Скардзіліся людзі, што адзін кіслародны балон на двух-трох чалавек. Пачынаем разбірацца. А там ёсць такая працэдура — трэба, каб 3-4 разы на дзень пацыенты дыхалі кіслародам, не ўвесь час. І калі ў палаце, напрыклад, ляжаць два ці тры чалавекі, то робяць так: падыхаў адзін, апарат дэзынфікуюць і даюць другому. Таму ўсё ў парадку, гэта не значыць, што ў кагосьці яго адбіраюць», — тлумачыць Мамайка.

На сайце Стаўбцоўскага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі вісіць аб’ява з просьбай аказаць дапамогу ў набыцці сродкаў індывідуальнай абароны. Мамайка кажа, што яны адны з першых у вобласці адкрылі дабрачынны рахунак.

«Кожныя выхадныя езджу дадому, не бачыў, каб там з-пад кантролю сітуацыя выходзіла. Там і дэзынфекцыю праводзяць, і людзям даводзяць інфармацыю пра меры бяспекі. Але хворых больш, чым у іншых раёнах. У тым жа Нясвіжы, які ўваходзіць у маю выбарчую акругу, сітуацыя спакайнейшая», — дзеліцца ўражаннямі дэпутат.

Афіцыйнай статыстыкі па каранавірусе ў раёне не агучвалі. Мясцовыя называюць лічбу 70-80 чалавек. Вядома, што на запаленне лёгкіх хварэлі два чыноўнікі райвыканкама (аднак не ясна, ці меў месца COVID-19). Адной з намесніц старшыні і цяпер няма на працоўным месцы. Пра выпадак каранавіруса кажуць сярод супрацоўнікаў аўтавакзала.

Як у райцэнтры магла адбыцца ўспышка?

«Стоўбцы — гэта транзітны раён. Праз яго цягнецца вялікі адрэзак шашы М1. Там стаяць тры ці чатыры стацыянарныя прыпынкі для дальнабойшчыкаў — на іх працуюць мясцовыя жыхары, абслугоўваюць прыезджых. І наогул раён праязны, ён мяжуе з 8 раёнамі. Але сітуацыя кіраваная», — лічыць Мамайка.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?