30 сакавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі сфарміравала папярэдні праект парадку дня веснавой сесіі.

Пытанню аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў дакуменце месца не знайшлося, хаця раней з вуснаў прадстаўнікоў Мінска гучалі заявы: разгледзім вясной! Зацягванне пытання зразумелае.

Гэта дазваляе лавіраваць паміж двума бакамі, дапамога якіх ва ўмовах эканамічнага крызісу вельмі неабходная, — Расіяй і Еўрасаюзам.

Яшчэ ў снежні Аляксандр Лукашэнка паведаміў журналістам, што парламент разгледзіць пытанне аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі пасля Новага года. У студзені аб разглядзе пытання на веснавой сесіі заявіў намеснік старшыні ніжняй палаты Валерый Іваноў. Пасля гэтага канкрэтыка гучаць перастала: дакумент нават не выносіўся на разгляд профільнай камісіі Палаты прадстаўнікоў.

Затое больш канкрэтныя заявы сталі гучаць з іншых бакоў. 23 лютага на прэс‑канферэнцыі ў Бруселі міністр замежных спраў Чэхіі, якая старшынствуе ў ЕС, Карэл Шварцэнберг заявіў: у выпадку прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі Беларусь «сутыкнецца з вельмі сур’ёзнымі праблемамі» адносна ўдзелу ў праграме «Усходняе партнёрства».

А 16 сакавіка выказаўся і генеральны сакратар Савета ЕС Хаўер Салана, які дагэтуль наведаў Мінск. Паводле яго слоў, важна, каб Беларусь захавала сваю пазіцыю непрызнання Паўднёвай Асеціі і Абхазіі. «Як вы ведаеце, Еўрасаюз не прызнаў незалежнасць гэтых краін і не мае намеру мяняць свой пункт гледжання. Мы спадзяемся, што ўсе, хто з намі супрацоўнічае, будуць прытрымлівацца той жа пазіцыі», — сказаў Х.Салана.

Са сваёй рэакцыяй выступіла і Расія. 21 сакавіка на Брусельскім форуме кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў абвінаваціў ЕС у спробе націснуць на Беларусь. «Калі міністр замежных спраў Чэхіі кажа прадстаўнікам беларускага боку: вы не будзеце ў еўрапейскім партнёрстве, калі прызнаеце незалежнасць гэтых рэспублік, — як гэта можна ўспрымаць? Як шантаж ці дэмакратыю?» — рытарычна запытаўся С.Лаўроў.

У такой сітуацыі Мінску спяшацца з прызнаннем незалежнасці дзвюх каўказскіх рэспублік яўна не з рукі. Не дапамагла нават сустрэча прэзідэнта Абхазіі Сяргея Багапша з Аляксандрам Лукашэнкам. Рандэву адбылося (на думку шэрагу назіральнікаў, з падачы Масквы) 23 сакавіка ў Сочы.

Адсутнасць у парадку дня веснавой сесіі беларускага парламента пытання аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, на думку палітолага Віталя Сіліцкага, «увогуле чакалася».

«Беларусь і Расія не дамовіліся аб цане прызнання Беларуссю дзвюх рэспублік. Кожнае прызнанне мае сваю цану.
Думаю, Мінск разлічвае на аднаўленне таго ўзроўню эканамічнай падтрымкі з боку Расіі, што існаваў да 2004 года», — лічыць эксперт.

На думку В.Сіліцкага, цяпер беларускаму кіраўніцтву таргавацца лягчэй. «Раней Мінск таргаваўся толькі з Масквой. У такой сітуацыі адстойваць свае пазіцыі цяжка. Цяпер да торгу падключыўся і ЕС. Лукашэнка атрымаў большую свабоду дзеянняў. Ён можа заняць найбольш выгадную для сябе пазіцыю і лавіраваць паміж двума бакамі. Прычым такім чынам вадзіць за нос абодва бакі можна вельмі доўга», — зазначае палітолаг.

Паводле слоў В.Сіліцкага, Расія і ЕС раздзьмулі значэнне пытання аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. «Яны самі далі Лукашэнку казырную карту, хаця спачатку планавалі выкарыстаць пытанне ў якасці рычага ціску на Мінск. А ў выніку атрымалі прадмет для торгу», — падкрэсліў эксперт.

Палітолаг, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава лічыць, што пытанне прызнання незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі «абсалютна не прынцыповае ў двухбаковых адносінах Беларусі з Еўрасаюзам і больш значнае ў адносінах з Расіяй». «Расіі прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі неабходна з пункту гледжання ўплыву на ўсёй постсавецкай прасторы. Для ЕС гэтае пытанне цікавае з пункту гледжання, па‑першае, ацэнкі ўзаемаадносінаў Беларусі з Расіяй, па‑другое, з пункту гледжання павольнага дрэйфу Беларусі ў бок Еўрасаюза», — зазначыла суразмоўніца.

В.Абрамава падкрэсліла, што пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі можа быць унесена ў парадак дня веснавой сесіі парламента «ў любы момант».
«Праблем з тэрміновым разглядам гэтага пытання ў Палаце прадстаўнікоў не будзе. Але лагічна, што пытанне будзе разглядацца пасля майскага ўстаноўчага саміта палітыкі «Усходняга партнёрства», на які могуць запрасіць Лукашэнку», — лічыць эксперт.

В.Абрамава не бярэцца прадказаць, ці будзе верагоднае прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі сур’ёзнай перашкодай для ўдзелу Беларусі ва «Усходнім партнёрстве». «Усё залежыць ад таго, якая група еўрапейскіх палітыкаў возьме верх. Не сакрэт, што многія з іх рабілі сабе кар’еру на беларускім пытанні», — зазначыла яна.

В.Сіліцкі лічыць, што прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі можа перашкодзіць удзелу Беларусі ў новай праграме ЕС.

Наконт самой верагоднасці прызнання ў экспертным асяроддзі гучаць розныя прагнозы. Мінск, вядома ж, разлічвае на эканамічныя прэферэнцыі з боку Расіі, але і раздражняць ЕС не спяшаецца, лічаць палітолагі.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0