У аснове фінансава‑эканамічнага крызісу ляжыць велізарная карупцыя сусветнага ўзроўню,заявіў Аляксандр Лукашэнка 31 сакавіка на сустрэчы ў Мінску з губернатарам Ніжагародскай вобласці Расіі Валерыем Шанцавым.
Пра гэта паведамляе прэс‑служба прэзідэнта.
«Многае ў крызісе незразумела, але вялікі складнік — псіхалагічны, маральны»,— зазначыў кіраўнік дзяржавы.
А.Лукашэнка выказаў неўразуменне ў сувязі з паведамленнямі ў прэсе аб тым, што Расія адмаўляецца ад сваіх прапаноў, якія яна мела намер выкласці на Лонданскім саміце. «Не разумею: навошта? Амерыканцы сёння хочуць пралабіраваць ранейшую мадэль, тонка кажуць: нельга адмаўляцца ад рыначнай эканомікі. Гэта значыць, фактычна, кажуць: нельга адмаўляцца ад таго шулерства, якое і прывяло да такога крызісу», — цытуе прэс‑служба кіраўніка дзяржавы.
А.Лукашэнка лічыць, што Расіі не варта адмаўляцца ад сваіх прапаноў. «Хацелася б, каб пазіцыя Расіі прагучала нязменнай у тым выглядзе, як яна была пададзена некалькі тыдняў таму, — сказаў прэзідэнт. — Беларусь адназначна б выказалася ў падтрымку такой пазіцыі. Неэканомнае расходаванне грошай, іпатэкі і гэтак далей — усё павінна быць пад кантролем, інструменты кантролю абавязкова павінны быць створаны».