Расія адмовіла Беларусі ў крэдыце на 100 млрд расійскіх рублёў, перадалі ў аўторак расійскія інфармацыйныя агенцтвы са спасылкай на крыніцы ў Міністэрстве фінансаў Расіі. Яны ж паведамілі, што беларускія ўлады запрасілі новы крэдыт — на 2 млрд даляраў.

«На гэтым этапе ў наданні крэдыту на 100 млрд рублёў адмовілі», — заявіла крыніца ва расійскім урадзе.

Раней выказваліся меркаванні, што Расія абумоўлівае выдзяленне чарговае порцыі грошай прызнаннем Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, і якраз напярэдадні, 30 сакавіка, стала вядома, што пытанне аб гэтым не ўключана ў парадак дня вясновай сесіі палаты прадстаўнікоў. Беларускія ўлады выказвалі жаданне адплаціць за рублёвы крэдыт пераходам на ўзаемаразлікі ў расійскіх рублях.

Новы крэдыт на 2 мільярды даляраў беларускія ўлады просяць ужо не ад ураду РФ, а ад банкаў, але пад урадавыя гарантыі. Такое забеспячэнне патрэбнае, іначай працэнт па крэдыце будзе нявыгадны — індэксы даверу да Беларусі невысокія, а памер золатавалютнага запасу нашай краіны ў прапорцыі да ВУП — найніжэйшы ў рэгіёне.

За апошнія паўтара году Беларусь атрымала ад Расіі міждзяржаўных крэдытаў на $3 млрд, у тым ліку $1,5 млрд за апошнія чатыры месяцы. Яшчэ 0,5 мільярда маюць прыйсці ад Крамля неўзабаве. Столькі сама Беларусь пазычыла ў Венесуэлы. 2,5 млрд вылучыў Міжнародны валютны фонд. Акрамя таго, Беларусь пазычала грошы ў Кітая і прыватных банкаў.

У выпадку атрымання яшчэ 2 млрд даляраў ад расійскіх банкаў, агульная замежная запазычнасць Беларусі да канца 2009 году можа дасягнуць нават 22—25 мільярдаў даляраў. Яна расце хуткімі тэмпамі. На 1 студзеня 2007 году яна складала 6,8 мільярда, на 1 студзеня 2008 году — ужо 12,5 млрд.

Першыя вялікія выплаты па лукашэнкаўскіх крэдытах прыпадуць на 2011‑2012 гады.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?