Увечары 28 красавіка кепска стала біскупу Пінскай дыяцэзіі Антонію Дзям’янку, яго тэрмінова шпіталізавалі. Пра гэта «НН» паведаміў канцлер курыі ксёндз Андрэй Рылка.

Антоній Дзям'янка. Фота catholic.by.

«У біскупа праблемы з сэрцам — гэта не навіна. Учора рэзка пачаліся праблемы, можа, нейкія няправільныя лекі. Зрабілі тэст на каранавірус, але вынік адмоўны. Хутчэй за ўсё, гэта звязана з тым, што ў яго былі вялікія перагрузкі ў працы», — адзначае айцец Андрэй.

Ляжыць біскуп у Пінскай бальніцы. Ягоны стан Андрэй Рылка характаразуе, як «невыразны».

Біскупа Дзям’янку забралі ў рэанімацыю, але ўвесь час ён знаходзіцца ў прытомнасці. «У рэанімацыі проста лепшае абсталяванне», — адзначае канцлер курыі.

Антонію Дзям’янку 60 гадоў. З 2012 года ён біскуп Пінскай дыяцэзіі.

Агулам у Беларусі восем біскупаў — у Мінску, Віцебску, Гродне і Пінску.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?