Месца, дзе 27 красавіка быў апублікаваны артыкул галоўнай рэдактаркі

Месца, дзе 27 красавіка быў апублікаваны артыкул галоўнай рэдактаркі

З сайту стаўпецкай раённай газеты «Прамень» знік артыкул галоўнай рэдактаркі «Што насамрэч адбываецца ў Стоўбцах». У ім Нэлі Астрэйка тлумачыла сітуацыю з COVID-19 у раёне, паведамляе «Радыё Свабода».

Артыкул з'явіўся на сайце pramen-news.by 27 красавіка пасьля шэрагу публікацый у незалежных СМІ пра выбух пнеўманій у Стоўбцах і сітуацыю ў мясцовым шпіталі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса.

Яшчэ ўчора артыкул адкрываўся без праблем. Сёння пад тым жа адрасам з'яўляецца паведамленне аб памылцы. Не дае плёну і пошук артыкула ў сеціве паводле ключавых слоў і цытат. Аднак публікацыю можна хутка знайсці на кэшаваным сайце газеты ў Google.

Пра што пісала раёнка

«Загалоўкі некаторых інтэрнэт-рэсурсаў нагадваюць зводкі з палёў Вялікай Айчыннай вайны. На якой канапе яны нараджаюцца і якіх сэрыялаў нагледзеліся іх аўтары, застаецца толькі здагадвацца, — напісала Нэлі Астрэйка. — …Але ж для таго, каб не панікаваць, трэба шмат вучыцца, а каб не сеяць чутак — аналізаваць, а гэта цяжка…»

Разам з тым рэдактарка «Праменя» не прывяла ніводнай канкрэтнай публікацыі, з якою яна завочна дыскутавала.

У сваім артыкуле яна пераконвала, што ў мясцовым шпіталі няма сталоўкі, якую б можна было абсталяваць пад палату і размясціць там хворых, пра што, паводле яе, пісалі ў інтэрнэце.

«Сёння памяшканьне для прымання ежы ў стаўпецкіх аддзяленнях лякарні — гэта невялікія пакоі, у якія (магчыма) і ўлезе тры ложкі. Але вось пытанне — навошта? Кожны дарослы, навучаны гадамі і досьведам чалавек выдатна разумее, што ў Беларусі няма такога перанасялення, як, напрыклад, у Кітаі», — напісала рэдактарка.

Тым ня менш далей у артыкуле яна ж кажа, што калі пачалі актыўна паступаць хворыя зь цяжкімі пнэўманіямі, то пацыентаў пачалі пераводзіць у іншыя раёны — у Капыль, Валожын, Мар’іну Горку, Салігорск, а таксама ў Менск. Аднак, паводле Астрэйкі, у стаўпецкай лякарні ніхто не памёр ад пнеўманіі, а агульная смяротнасьць у раёне за студзень-сакавік сёлета нават меншая, чым летась.

Крытычныя каментары

Пад артыкулам у той жа дзень пачалі зьяўляцца крытычныя заўвагі. Усе яны набралі пазітыўныя ацэнкі (плюсы) ад дзясяткаў карыстальнікаў.

У каментарах аўтары абвінавачвалі рэдактарку ў маніпуляцыі інфармацыяй і замоўленым характары публікацыі. Адзін з карыстальнікаў выявіў, што апублікаваныя на сайце фотаздымкі пустога калідора і сталоўкі ў лякарні зробленыя яшчэ летась і не маюць дачынення да перыяду эпідэміі.

Пытанні карыстальнікаў тычыліся і статыстыкі смяротнасці, якую падала Нэлі Астрэйка. Галоўную рэдактарку прасілі прывесці лічбы смяротнасці ў шпіталі за красавік, бо менавіта ў сярэдзіне красавіка пачалі з'яўляцца паведамленні пра складаную сітуацыю з COVID-19 у горадзе.

«Рэкамэндую рэдактару не займацца спробамі маніпулявання статыстычнай інфармацыяй — у вас гэта вельмі дрэнна атрымліваецца. У Стаўпецкім раёне ў 2019 годзе памерлі з усіх прычын смерці 687 чалавек, у тым ліку ў Стоўбцах — 151 чалавек. Смяротнасьць мае сезонныя ваганні, і ў сувязі з цёплай зімой была меншая смяротнасць. Тут нічога дзіўнага няма. А вось карціна па красавіку будзе зусім іншая. У красавіку назіраецца пэўны спад па смяротнасці. Таму параўноўваць трэба красавік 2019 і 2020. І вось тады мы адразу ўбачым усе гэтыя адхіленні. Калі што, звярніцеся ў мясцовы статкамітэт па звесткі — яны ў іх 29 дня ўжо будуць. Тады і пагаворым», — піша адзін з каментатараў.

У каментарах пад артыкулам у сацыяльных сетках выдання чытачы прасілі патлумачыць, навошта пацыентаў развозілі ў іншыя шпіталі, калі ў самой стаўпецкай лякарні няма перапоўненасці.

«Цікава, ад COVID-19 ніхто не памёр, ад пнеўманіі ніхто не памёр, а ад чаго ж паміраюць людзі ў рэанімацыі? У Італіі паміраюць, у Швейцарыі паміраюць, а ў нас няма… Так, хацелася б статыстыку за красавік, хоць у газеце такога ўзроўню і на сайце таксама напісаць можна што заўгодна».

«Для таго каб не панікаваць і не сеяць паніку, трэба выказваць народу праўду і ў заключэнні аб смерці пісаць не тое, што хочуць бачыць улады, а рэальны дыягназ. Магчыма, тады людзі зразумеюць усю пагрозу таго, што адбываецца, і будуць выконваць хоць нейкія рэкамендацыі, а не хадзіць па крамах без сродкаў засцярогі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?