Ілля Лемяза жыў у Фаніпалі Дзяржынскага раёна, а на працу ездзіў у Мінск. Ён працаваў доктарам УГД у прыватным медыцынскім цэнтры «Тамаграфія» на вуліцы Жылуновіча. Гэта, як мінімум, 11-я смерць медработніка ў Беларусі за час эпідэміі.

Ілля Лемяза. Фота mrt.by

Ілля Лемяза. Фота mrt.by

Пра смерць Лемязы «Нашай Ніве» паведаміла ягоная цешча.

«Ён быў дома на самаізаляцыі. Ужо і тэмпература прайшла, і кашаль, мы радаваліся гэтаму. А потым за адзін дзень згарэў», — кажа жанчына.

Не стала Іллі Лемязы 28 красавіка.

Што запісана як прычына смерці? «Вы ж ведаеце, што яны цяпер пішуць усім — «неўдакладненая пнеўманія».

«Да моманту смерці тата быў на самаізаляцыі ў Мінску больш за тры тыдні, і са сваёй сям'ёй не кантактаваў. У перыяд знаходжання на самаізаляцыі тата хварэў. У дзень смерці, 28 красавіка, мы патэлефанавалі яму і пачулі па тэлефоне, што тату цяжка казаць, была дыхавіца. Адразу патэлефанавалі ў хуткую і паведамілі, што чалавек задыхаецца і патрэбна неадкладная дапамога. Гэта было прыкладна а 13:53. Выклік прынялі. І толькі а 15:37 супрацоўнік хуткай дапамогі паведаміў па тэлефоне, што дзверы ніхто не адчыняе. Дзе была хуткая амаль дзве гадзіны? Калі кватэру адкрылі, было ўжо позна. Тэст на каранавірусную інфекцыю ён не рабіў», — сказала «НН» ягоная дачка Ганна.

Доктару было 56 гадоў. Ён скончыў вайскова-медыцынскі факультэт пры Куйбышаўскім медыцынскім інстытуце (Расія). Меў больш за 30-гадовы стаж працы.

«Густы мужчынскі голас і заразлівы смех. Добрыя вочы і вялікія рукі. Сэрца, адкрытае для іншых… Вось так я і запомню свайго доктара, калегу і сябра Іллю Іванавіча Лемязу», — напісала ў фэйсбуку былая галоўная доктарка «Тамаграфіі» Эмілія Мезіна.

«Наша Ніва» пісала пра 11 выпадкаў смерці работнікаў медустаноў ад пнеўманій за апошнія пяць тыдняў.

Яны здарыліся ў Віцебску, Бешанковічах, Докшыцах, Стоўбцах, Баранавічах, Фаніпалі, Любані, Барысаве і Мінску (памерлыя ў Стоўбцах і Фаніпалі працавалі ў сталіцы). Сярод памерлых — 41-гадовая медсястра з Віцебска, 45-гадовая медсястра з Докшыц, 47-гадовая медсястра з Віцебска і 50-гадовы фельчар хуткай дапамогі з Барысава. А ў Любані памёр 54-гадовы доктар-рэнтгенолаг з пацверджаным каранавірусам. Магчыма, гэта не поўны спіс. Мінздароўя не публікуе такой інфармацыі афіцыйна. СМІ таксама не маюць магчымасці праверыць афіцыйную статыстыку смерцяў, бо па асобных раёнах яна не публікуецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?