У пасляваенным Мінску, у якім забаронена рабіць здымкі руінаў, бо гэта прэрагатыва толькі афіцыйных органаў, рэгулярна на эцюды выходзіць чатырнаццацігадовы хлопец. Ягоны занятак выглядае бязвінна: ён проста практыкуецца. Насамрэч гэтыя замалёўкі былі рэалізацыяй плану па фіксацыі культурнай спадчыны Мінску, лёс якой заставаўся няпэўным. Свайго вучня на падобныя эцюды скіраваў слынны мінскі мастак-педагог Сяргей Каткоў.

Незвычайную старонку гісторыі раскапаў Алег Дзярновіч.

Анатоль Наліваеў старанна фіксаваў дэталі архітэктурнай спадчыны, якім наканавана было знікнуць.

Анатоль Наліваеў старанна фіксаваў дэталі архітэктурнай спадчыны, якім наканавана было знікнуць.

Так выглядала Плошча Свабоды (Ратышны пляц).

Так выглядала Плошча Свабоды (Ратышны пляц).

Яна ж з боку цяперашняга гатэлю «Еўропа».

Яна ж з боку цяперашняга гатэлю «Еўропа».

Касцёл на Залатой Горцы.

Касцёл на Залатой Горцы.

Гандлёвыя рады.

Гандлёвыя рады.

Так выглядала плошча Мяснікова (кут Захар'еўскай і Нова-Маскоўскай).

Так выглядала плошча Мяснікова (кут Захар'еўскай і Нова-Маскоўскай).

Палац Чапскіх каля будынку МУС.

Палац Чапскіх каля будынку МУС.

Менск быў шматэтнічным — мячэт. Татары складалі істотную долю насельніцтва.

Менск быў шматэтнічным — мячэт. Татары складалі істотную долю насельніцтва.

Барочныя закуточкі.

Барочныя закуточкі.

Няміга.

Няміга.

Брама на месцы цяперашняй Кастрычніцкай плошчы.

Брама на месцы цяперашняй Кастрычніцкай плошчы.

Вуліца Гандлёвая на беразе Свіслачы.

Вуліца Гандлёвая на беразе Свіслачы.

Вуліца Гандлёвая на беразе Свіслачы з іншага ракурсу.

Вуліца Гандлёвая на беразе Свіслачы з іншага ракурсу.

Каля Чырвонага касцёла.

Каля Чырвонага касцёла.

Савецкая ад Камсамольскай да Ленінскай.

Савецкая ад Камсамольскай да Ленінскай.

Напаўразбураны Дамініканскі касцёл, від ад плошчы Свабоды.

Напаўразбураны Дамініканскі касцёл, від ад плошчы Свабоды.

Від на Оперны тэатр з Пралетарскай (Я. Купалы)

Від на Оперны тэатр з Пралетарскай (Я. Купалы)

Перакрыжаванне Нямігскай (Нямігі) і Астроўскага (Ракаўскай)

Перакрыжаванне Нямігскай (Нямігі) і Астроўскага (Ракаўскай)

Камароўская плошча (цяпер тут плошча Якуба Коласа).

Камароўская плошча (цяпер тут плошча Якуба Коласа).

Свайго неафіцыйнага вучня на падобныя эцюды скіраваў слынны мінскі мастак-педагог Сяргей Каткоў, які заснаваў знакамітую потым студыю пры Палацы піянераў. Вучань жа быў неафіцыйны, бо юнак насамрэч хадзіў у музычную школу, але Каткоў заўважыў ягоную цікавасць да выяўленчага мастацтва і адметнасць стылю — фатаграфічны малюнак.

«Ідзі малюй!»

Каткоў накіроўвае вучня ў розныя куткі гораду, ён цэніць, як мастак-пачатковец фіксуе архітэктурныя аб’екты: тое, што ўзносіцца сярод куродыму панявечанага гораду. Пра імпазантны дом ля галоўнага будынку Міністэрства ўнутраных справаў ён так і сказаў: «Ідзі малюй, гэтага дома можа хутка не быць!»

Той вучань — Анатоль Наліваеў. Свае «фатаграфічныя» замалёўкі, выкананыя ў канцы 1940-х акварэллю, у 1960-я ён перавёў у тэмперу, дзякуючы чаму яны і захаваліся. Сёння калекцыя Анатоля Наліваева ўтрымлівае нязвыклыя ракурсы і малавядомыя дэталі з гістарычнай спадчыны Мінску, аднавіць якія мы ўжо часта не ў стане.

Брама

Адлюстраваная на малюнку Анатоля Наліваева брама — малавядомы аб’ект. Яе ўдалося лакалізаваць у раёне сённяшняй Кастрычніцкай плошчы, побач з Палацам культуры прафсаюзаў, уздоўж яго бакавога фасаду — за брамай выглядаюць ацалелыя тады вежы каталіцкай Катэдры. Мінскі краязнаўца Віталь Кірычэнка адшукаў здымак 1949 г., які сведчыць, што тады брама яшчэ стаяла. Малюнак Наліваева датаваны 1946 г., і брама на ім зафіксавана ў лепшым стане. Гэта тыповы ўзор «правінцыйнага мадэрну» з алюзіямі на класіцызм. Брама была ўзведзена з чырвонай цэглы на прыватным пляцы, хутчэй за ўсё, на мяжы ХІХ і ХХ стст. Гэты, па сутнасці, прыклад «малой архітэктурнай формы» ўзбагачаў вобраз гораду. Падобна, што брама патрапіла ў трасіроўку цэнтральнага праспекту, што не пакінула ёй шанцаў захавацца.

Палац Чапскага

Зусім іншая сітуацыя складалася з другой пабудовай — палацам злева ад сучаснага будынку Міністэрства унутраных справаў. Анатоль Наліваеў зафіксаваў стан пабудоваў на 1948 г. — над сядзібай МУС (да рэвалюцыі ў гэтым неакласіцыстычным будынку размяшчалася Мінскае земляробчае таварыства ўзаемнага страхавання) яшчэ знаходзіцца скульптура багіні плоднасці і земляробства Дэметры, аднаўленнем якой у 2004 годзе так ганарыцца міністр Навумаў. А сам палац быў у прымальным стане і, відавочна, прыдатны да рэстаўрацыі. Цяпер жа на гэтым месцы знаходзіцца ювелірная крама «Чараўніца» (пр. Незалежнасці, 13). Той даўні будынак заслугоўвае таго, каб быць названым адным з найпрыгажэйшых у горадзе таго часу. Трохпавярховы палац упрыгожаны ніжнім ярусам аркад, а акцэнтам усяго будынку ёсць эркер, які выступае з асноўнага аб’ёму палацу на ўсю яго вышыню.

Спатрэбіліся зрабіць пэўныя росшукі, каб зразумець, што даволі добра захаваны пасля вайны будынак — гэта палац Мінскага гарадскога галавы графа Караля Чапскага. Постаць сама па сабе выбітная — чатыры разы абіраўся галавою Мінскага самакіравання (з 1890 па 1901 — апошняя кадэнцыя няпоўная), з яго імем у Мінску звязаныя ўвядзенне электрычнага асвятлення, будаўніцтва конкі, умацаванне берагоў Свіслачы, узвядзенне новых мастоў, павелічэнне магутнасці водаправоду, значнае паляпшэнне санітарнага стану гораду, ажыўленне фінансавых інстытутаў, адкрыццё гімназій, шпіталёў, публічнай бібліятэкі, забрукоўка вуліц... Фактычна, пад кіраўніцтвам Чапскага Мінск пераўтвараўся ў новаеўрапейскі горад. Абранага першы раз гарадскім галавою ва ўзросце 30 гадоў, Караля Чапскага яшчэ пры жыцці называлі «пераўтваральнікам Мінску». І гэта нягледзячы на складаныя адносіны з кіраўніком царскай адміністрацыі, губернатарам, князем Мікалаем Трубяцкім. Чапскаму ж належаў бровар «Багемія» (сённяшні піўзавод «Аліварыя»).

9 ліпеня 1893 г. граф Караль падаў у Мінскую гарадскую ўправу хадайніцтва аб дазволе на будоўлю трохпавярховага мураванага будынку на Захар’еўскай вуліцы. А ў 1894 г. палац у аснове сваёй быў ужо ўзведзены. Аўтарства праекту новай мінскай адметнасці належала слыннаму пецярбургскаму архітэктару Віктару Шрэтэру, які працаваў у стылістыцы неарэнесансу. Цяпер зразумела, адкуль гэтыя рысы стылю гістарызму ў палацы Чапскага.

Апроч жылых памяшканняў на першым паверсе палацу (якраз там, дзе аркады) размясцілася Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі. Яго ачольвала яшчэ адна легендарная асоба — фундатар касцёлу Св. Сымона і Алены (Чырвонага касцёлу) Эдуард Вайніловіч (якія асобы, які маштаб!), парэшткі якога рупнасцю пробашча а.Уладзіслава Завальнюка ў 2006 г. былі перавезеныя з Польшчы і перапахаваныя ля фундаванага ім касцёлу. У Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі ўваходзілі найбуйнейшыя землеўладальнікі краю, і пад яго кіраўніцтвам ладзіліся навуковыя даследаванні, арганізоўваліся сельскагаспадарчыя выставы і інш., што мусіла спрыяць развіццю аграрнага сектару Беларусі. З 1912 г., ужо пасля заўчаснай смерці графа ў 1904 г., у палацы месцілася агульнатаварная біржа.

Пасля Другой сусветнай вайны, калі праектавалася першая чарга новай забудовы тагачаснай вул. Савецкай, каля 1949 г. палац Чапскага быў знесены, хоць ён зусім не замінаў трасіроўцы новага праспекту — мы бачым, што будынак МУС, што знаходзіўся на адной лініі з палацам, цудоўна захаваўся. Ад вуліцы Валадарскага да Гарадскога валу (Урыцкага) на працягу 1950—1954 гадоў быў узведзены будынак паводле праекту архітэктараў Міхала Асмалоўскага і Генадзя Баданава, у якім, дарэчы, размясціўся кінатэатр «Цэнтральны». Сам па сабе гэты будынак ёсць някепскім узорам савецкай архітэктуры. Але ці варта было дзеля яго руйнаваць будынак-папярэднік? Мінск страціў адзін з самых адметных сваіх будынкаў.

Вуліца Гандлёвая

Трагедыя вуліцы Няміга ў пачатку 1970-х і ў нашыя дні добра вядомая. Драма ж Гандлёвай зусім забытая. Я таксама меркаваў, што асноўныя разбурэнні адбыліся на ёй падчас вайны. Але архіўныя здымкі, а таксама малюнкі Наліваева сведчаць, што яшчэ ў канцы 1940-х гэтая вуліца, што аблямоўвала ўздоўж Свіслачы старажытны раён Мінску пад назвай Верхні горад, існавала. Больш за тое, выяўленыя Віталём Кірычэнкам у нетрах Беларускага дзяржаўнага архіву навукова-тэхнічнай дакументацыі інвентарызацыйныя здымкі сведчаць, што яшчэ ў 1960-я Гандлёвая была забудаваная капітальнымі будынкамі. Значыць, знішчэнне Гандлёвай адбылося недзе ў той жа час, што і Нямігі, можа, крыху раней.

Сёння гэтую вуліцу спрабуюць адбудаваць у рамках інвестыцыйнага праекту пад лозунгам «Адлюстраванне статусу». Размяшчэнне за фасадамі будынкаў паркінгаў не дазваляе гэтыя працы назваць сапраўднай рэканструкцыяй. Таксама не ясна, наколькі ў праектных працах выкарыстоўваліся архіўныя матэрыялы.

Між тым, вуліца Гандлёвая, што некалі не была самым рэспектабельным месцам, ёсць абсалютна неабходнай для закончанасці ўсяго ансамблю Верхняга гораду, хоць бы з аднаго, узбярэжнага боку. Такія раёны, а не толькі выбітныя помнікі, ствараюць цэльную тканку старажытнага гораду. Нам гэтага так не хапае!

Пра маштабы ваенных разбурэнняў

Сёння афіцыйна маштабы разбурэння Мінску ў перыяд Другой сусветнай вайны ацэньваюцца недзе ў 80% жылога фонду. Апаненты гэтага погляду называюць 25—30%. Усе гэтыя разбурэнні сталі вынікам нямецкага бамбавання ў чэрвені 1941 г., некалькіх савецкіх бамбаванняў, а таксама «прафілактычных выбухаў», якія праводзіліся нямецкімі ўладамі. Каб забяспечыць праезды і бяспеку, нямецкія сапёрныя аддзелы падрывалі напаўразбураныя і павіслыя канструкцыі. Дадамо тут яшчэ пажары, што ўзнікалі ў выніку бамбаванняў.

Зрэшты, захаваўся яшчэ адзін афіцыйны дакумент, што да статыстыкі разбурэнняў. У тлумачальную запіску 1951—1952 гг. да Генеральнага плану развіцця Мінску 1946 г. былі ўнесеныя наступныя фразы: «Паводле папярэдніх дадзеных інвентарызацыйнага бюро гарвыканкаму на 01.01.1946 г., жылплошча, якая захавалася пасля акупацыі і адноўленая за перыяд 1944—1945 гг., складала каля 656 тыс. кв. м. Такiм чынам, было разбурана 54,2% усяго жыллёвага фонду».

Цяпер пытанне ў тым, што лічыць разбурэннямі. Паводле тэхнічных стандартаў гэта не толькі поўнае, да падмурку, знішчэнне будынку, але таксама істотнае парушэнне яго канструкцый. Сапраўды, большасць дамоў у цэнтры Мінску ў 1944—1945 гг. стаялі без дахаў, з парушанымі перакрыццямі. І ўсе паваенныя здымкі пераканаўча гэта ілюструюць. Прынамсі, пра 25—30% стратаў забудовы гораду гаварыць не выпадае.

Іншая рэч, што падобную, калі не большую ступень разбурэнняў спазналі Варшава, Гамбург, Дрэздэн — і ва ўсіх іх гістарычныя цэнтры былі адноўленыя! Зрэшты, і ў Мінску многія будынкі, якія на фота тых часоў стаяць без дахаў, сёння спраўна функцыянуюць, як, напрыклад, будынак былой Аляксееўскай жаночай гімназіі (перад вайной — сярэдняй жаночай школы № 9), дзе цяпер месціцца Камітэт па адукацыі і справах моладзі Мінгарвыканкаму (вул. Кірава, 5).

Можна ўпэўнена сцвярджаць, што знішчэнне даўняга Мінску адбылося не толькі праз разбурэнні ў часы Другой сусветнай вайны, а таксама ў выніку мэтаскіраванай дзейнасці па праектаванні і стварэнні новага сацыялістычнага гораду, сталіцы Савецкай Беларусі. «Дасацыялістычны» Мінск застаўся нам на карцінах Анатоля Наліваева.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?