2 красавіка на сесіі Еўрапарламента ў Бруселі адбудзецца галасаванне па рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі.

У праекце рэзалюцыі, размешчаным на сайце Еўрапарламента, аб становішчы ў краіне за апошнія паўгода дэпутаты заклікаюць беларускія ўлады выкарыстаць наступныя дзевяць месяцаў частковага прыпынення візавых санкцый для таго, каб прадэманстраваць «істотны прагрэс».

У прыватнасці,

Еўрапарламент заклікае рэфармаваць выбарчае заканадаўства, каб гарантаваць прадстаўнікам апазіцыі членства ў выбарчых камісіях на ўсіх узроўнях;

забяспечыць роўныя правы ўсім СМІ, зняўшы забарону на падпіску і распаўсюджванне незалежных выданняў праз дзяржструктуры; адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія выкарыстоўваюцца для пераследу журналістаў і членаў незарэгістраваных арганізацый.

У праекце рэзалюцыі гаворыцца аб неабходнасці гарантаваць грамадзянам свабоду асацыяцыі, сходу і рэлігіі,

а таксама палітычныя правы, у прыватнасці спыніць практыку «палітычна матываваных звальненняў, выключэнняў з ВНУ, прызываў у армію».

Парламент ЕС заклікае Мінск увесці мараторый на прымяненне смяротнай кары,
прызнаць ГА «Саюз палякаў на Беларусі» на чале з Анжалікай Борыс, перагледзець выпадкі гвалтоўнага прызыву ва Узброеныя сілы актывістаў Франака Вячоркі, Івана Шылы і Дзмітрыя Федарука, а таксама стварыць умовы для вяртання з Вільнюса Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Першым крокам у гэтым кірунку можа стаць аднаўленне ў Мінску бібліятэкі ЕГУ, зазначана ў рэзалюцыі.

Калі Беларусь выканае пералічаныя рэкамендацыі, еўрапарламентарыі маюць намер рэкамендаваць Саюзу ЕС і Еўракамісіі разгледзець магчымасць поўнага зняцця візавых санкцый з беларускіх чыноўнікаў, а таксама «паскорыць працэс рэінтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую сям’ю дэмакратычных краін».

У праекце рэзалюцыі выказана «заклапочанасць» сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і «апошнімі выпадкамі іх парушэнняў». Еўрапарламент мяркуе, што развіццё палітычнага дыялогу паміж ЕС і Беларуссю павінна залежаць ад «зняцця абмежаванняў на волю і спынення насілля ў адносінах да ўдзельнікаў акцый пратэсту і праваабаронцаў».

У сувязі з гэтым у дакуменце ўтрымліваецца просьба тэрмінова вызваліць грамадскіх актывістаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзіміра Асіпенку і Арцёма Дубскага.

Еўрапарламентарыі таксама настойваюць на ўключэнні дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў дыялог ЕС і Беларусі і выказваюць надзею на тое, што ў найбліжэйшы час Мінск і Брусель пачнуць дыялог па правах чалавека.

Парламент ЕС мае намер заклікаць еўраструктуры аблегчыць візавыя працэдуры і знізіць кошт шэнгенскіх віз для беларусаў, забяспечыць фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці тэлеканала «Белсат», што вяшчае на Беларусь, а таксама разгледзець меры паляпшэння дзелавога клімату, умоў гандлю і інвестыцый у Беларусі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0