Заўвагі і тлумачэнні па артыкуле Аляксандра Чубрыка «Лукавыя лічбы», надрукаваным на сайце NN.By і ў газеце «Наша Ніва» (ад 17 сакавіка).

Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь лічыць неабходным адзначыць, што спадар Чубрык у артыкуле «Лукавыя лічбы» прывёў недакладныя дадзеныя (дэфлятар ВУП за студзень 2009 г.), пры гэтым выказваючы «вялікі дзякуй Белстату» за прадастаўленую інфармацыю.

На сайце Белстату і ў штомесячных публікацыях прыведзеныя наступныя звесткі на гэты перыяд 2009 году: у студзені індэкс фізічнага аб’ёму ВУП адносна студзеня 2008 г. склаў 103,2%, дэфлятар 110,2%; у студзені—лютым, адпаведна: 102,3% і 110,4%.

Дэфлятар ВУП за студзень—люты 2009 г. (110,4%) спадар Чубрык называе «з разраду неймавернага». Аднак калі б спадар эканаміст паспрабаваў прааналізаваць гэтыя дадзеныя больш дэталёва, то ўсё стала б зразумелым.

Найперш спадару Чубрыку варта было б ведаць, што ў адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй пабудовы сістэмы нацыянальных рахункаў СНС‑93 індэкс‑дэфлятар ВУП прадстаўляе сабой адносіны ВУП, вылічанага ў бягучых цэнах, да аб’ёму ВУП, вылічанага ў пастаянных цэнах адпаведнага перыяду мінулага году. Такім чынам, спярша вылічваецца ВУП у бягучых цэнах і ў пастаянных цэнах, а потым шляхам дзялення гэтых паказчыкаў вызначаецца дэфлятар ВУП. ВУП у пастаянных цэнах разлічваецца як сума валавых дабаўленых коштаў усіх галін эканомікі і чыстых падаткаў на прадукты ў пастаянных цэнах, і ягоная велічыня не залежыць наўпрост ад дэфлятара. На велічыню дэфлятара ВУП уплываюць атрыманыя дэфлятары па асноўных галінах эканомікі.

Напрыклад, у прамысловасці, валавы кошт якой складае каля 30% у ВУП, у студзені 2009 г. дэфлятар склаў 97% (пры індэксе фізічнага аб’ёму 97,7%), у студзені—лютым — 96,7% (пры індэксе фізічнага аб’ёму 97,7%). Дэфлятар па прамысловасці атрымліваецца зыходзячы з аб’ёмаў прамысловай вытворчасці ў фактычных цэнах і індэксу фізічнага аб’ёму прадукцыі прамысловасці, разлічанага па наборы тавараў‑прадстаўнікоў. Аб’ём прамысловай вытворчасці ў фактычных цэнах уключае ў сябе прамысловую прадукцыю, адгружаную на ўнутраны рынак і на экспарт. Такім чынам, дэфлятар адлюстроўвае змены цэнаў, а таксама структурныя ваганні аб’ёмаў прамысловай прадукцыі, адгружанай на ўнутраны рынак і на экспарт. Істотна паўплывала на дэфлятар прамысловасці ў студзені і лютым 2009 году змяншэнне аб’¬ёмаў і цэн на экспартаваную прадукцыю.

У сельскай гаспадарцы ў студзені і ў студзені—лютым 2009 году адносна адпаведнага перыяду 2008 году дэфлятар склаў, адпаведна: 126,5%; 123,3%; у будаўніцтве — 121,3%; 121,2.

Выкарыстаная спадаром Чубрыкам інфармацыі аб дэфлятары ВУП за студзень 2009 году адносна студзеня 2008 году на ўзроўні 119,6% якраз адносіцца да разраду неймавернага, паколькі атрымана з невядомай крыніцы.

Пры правядзенні аналізу статыстычнай інфармацыі і атрыманні значных разыходжанняў з афіцыйнымі дадзенымі, перш чым друкаваць недакладную інфармацыю і абвінавачваць статыстыку, варта было б звярнуцца па тлумачэнні да спецыялістаў Белстату.

Афіцыйная статыстыка ёсць даступнай і празрыстай, прадстаўляецца ў адкрытай і зразумелай форме. Усе публікацыі і метадалагічныя рэкамендацыі змяшчаюцца на сайце Белстату.

Намеснік старшыні Белстату Кухарэвіч Алена

***

Каментар Рэдакцыі. Выкарыстаная сп.Чубрыкам інфармацыя аб дэфлятары ВУП за студзень 2009 году адносна студзеня 2008 году на ўзроўні 119,6% была атрымана з інфармацыі агенцтва «Інтэрфакс», пададзенай са спасылкай на Белстат. Мы таксама разумеем, што Белстат аказваецца крайнім, што ён папросту вылічвае свае лічбы на аснове таго, што атрымлівае ад прадпрыемстваў і дзяржаўных ведамстваў.

Мы працягваем трымацца думкі, што змяншэнне індэкса‑дэфлятара ўдвая ў 2009 проці 2008‑га (з 20% у снежні і праз увесь 2008 год да 10% у студзені і лютым), неймавернае і належыць да разраду «палітычных цудаў». Нагадаем, што ў выніку такога зніжэння дэфлятара паводле афіцыйнай статыстыкі выходзіць, што ў Беларусі ў першыя два месяцы году не адбывалася па¬дзення ВУП, а меў месца нават яго рост.

Што да пажаданняў звяртацца да спецыялістаў дзяржаўных органаў, то дзякуй за запрашэнне. Варта, аднак, адзначыць, што ў рэальнасці ў дзевяці выпадках з дзесяці яны адмаўляюць у інфармацыі прадстаўнікам незалежных СМІ.

***

Хто крайні? Адказвае Аляксандр Чубрык.

Падазронае стаўленне да нацыянальнай статыстыкі пра эканамічны рост — з’ява не толькі апошняга часу. Фактычна, ад самага пачатку росту ВУП — то бок ад 1996 году — ці мясцовыя эксперты, ці міжнародныя арганізацыі выказваюць сумневы наконт гэтага паказчыка. Аднак зазвычай усе нараканні на «фальсіфікацыі» ды «скажэнні» адрасуюцца Белстату, а раней — Мінстату. Тым часам адказ на пытанне «хто скажае статыстыку» зусім не такі відавочны. Паспрабуем разабрацца.

Эканоміка — гэта навука пра стымулы (як і іншыя навукі пра чалавека). Калі спрошчана, то справа з статыстыкай выглядае так: дзяржава стварае інстытуты, то бок правілы, якія акрэсліваюць адносіны паміж статыстычнымі органамі ды прадпрыемствамі, і правілы, якія акрэсліваюць адносіны паміж прадпрыемствамі ды не‑статыстычнымі органамі ўлады (напрыклад, Міністэрствам прамысловасці, канцэрнамі і г.д.). Гэтыя інстытуты ўплываюць на паводзіны ўсіх апісаных агентаў. Зараз — простая эканамічная мадэль.

Органы ўлады «даводзяць» прадпрыемствам планы (прагнозы) тэмпаў росту вытворчасці, за невыкананне якіх дырэктар прадпрыемства можа пазбавіцца пасады (ці нават горш).

Органы статыстыкі патрабуюць ад прадпрыемстваў справаздач пра тэмпы росту вытворчасці, за няправільнае запаўненне якіх кіраўніцтва прадпрыемстваў нясе адказнасць (таксама даволі жорсткую).

Такім чынам, калі прадпрыемства павялічыла вытворчасць меней, чым гэтага патрабаваў план, перад яго кіраўніцтвам паўстаюць дзве альтэрнатывы:

1) казаць праўду ці

2) займацца прыпіскамі.

У першым выпадку пакаранне амаль непазбежнае. У другім — толькі імавернае (калі праверка высветліць факт прыпісак). І тут трэба ўлічыць дзве акалічнасці.

Па‑першае, шмат якія прадпрыемствы маюць вялізны досвед вельмі «пісьменных» прыпісак, які атрымалі яшчэ за савецкім часам. Па‑другое, нават прадстаўнікі прыватнага бізнэсу адзначаюць, што час ад часу органы ўлады просяць іх паказаць «патрэбныя» лічбы (напрыклад, паказаць меншы рост вытворчасці ва ўдалы год, каб на наступны год, які можа апынуцца няўдалым, было адкуль гэты рост браць). Улік гэтых акалічнасцяў дазваляе сказаць, што імавернасць пакарання за скажэнні статыстыкі змяншаецца, бо іх цяжка выкрыць, а выкрываць іх не заўжды хочуць.

Такім чынам, з пункту гледжання кіраўніка прадпрыемства ў цяжкія часы прасцей сказіць статыстыку, чым не выканаць плану. З гэтага вынікае, што Белстат, які карыстаецца міжнароднай метадалогіяй ацэнкі ВУП, прамысловай вытворчасці і інш., можа атрымліваць непраўдзівыя першасныя дадзеныя ад прадпрыемстваў, і тады ніякая міжнародная метадалогія не ўратуе лічбы ад скажэння.

Такім чынам, калі вас агортвае сумнеў наконт праўдзівасці афіцыйных звестак, няправільна рабіць «крайнім» Белстат. Большасць яго прадстаўнікоў — прафесіяналы, якія маюць вялікі досвед ды веды міжнародных статыстычных стандартаў і якія таксама адказныя перад законам за праўдзівасць інфармацыі. Калі ў 2005 годзе МВФ і Сусветны банк правяралі адпаведнасць беларускіх дадзеных метадалогіі, яны амаль не знайшлі «нестыковак». Крайняя — сістэма, якая скажае стымулы прадпрыемстваў і органаў дзяржаўнага кіравання, робячы прыгожую ману больш прывабнай за горкую праўду.

Аляксандр Чубрык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0