Абвяшчэнне прэзідэнцкіх выбараў на 9 жніўня паставіла ў цяжкое становішча прадстаўнікоў партыйнай апазіцыі, якія аб’ядналіся ў кааліцыю, каб пры дапамозе праймерыз вылучыць адзінага кандадата.

Праймерыз павінны былі складацца з трох частак: паездкі па рэгіёнах, інтэрнэт-галасавання і кангрэсу дэмакратычных сілаў. Праз пандэмію кандыдаты змаглі аб’ехаць толькі дзве вобласці з шасці. Кангрэс у цяперашнія тэрміны таксама правесці нельга.

8 мая прайшло-анлайн пасяджэнне суб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у праймерыз.

«1) Усе прызнаюць, што працэдуру скончыць немагчыма ў тым фармаце, які быў заяўлены першапачаткова;

2) прызначаныя кансультацыі з кіраўніцтваў усіх суб'ектаў праймерыз у самы найбліжэйшы час; 3) адзінства суб'ектаў, нягледзячы на ўсе знешнія выклікі, захоўваецца; 4) у канцы дня чакаецца прэс-рэліз (не раней за 18:00) аб супольнай пазіцыі», — сказаў кіраўнік штаба Ігар Барысаў.

Як стала вядома «НН» са сваіх крыніц, на гэты момант Беларуская хрысціянская дэмакратыя прапануе адмовіцца ад удзелу ў выбарах і абвесціць байкот. А вось АГП і рух «За Свабоду» лічаць, што ўдзельнічаць трэба нават у такіх умовах, выкарыстоўваць магчымасці для працы з людзьмі.

Пры гэтым Губарэвіч настойвае, што пераможцам двух этапаў праймерыз стаў менавіта ён, а Казлоў кажа, што паездкі варта ануляваць — і тады кандыдатам мусіць стаць ён як пераможца анлайн-галасавання.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?