Беларусь абмяркоўвае з Расіяй карэкціроўку ўмоў крэдыту на БелАЭС, дакументы на стадыі ўзгаднення, паведаміў намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк сёння на відэабрыфінгу, піша БЕЛТА.

«У сувязі са зрушэннем тэрмінаў уводу першага і другога энергаблокаў сёння з расійскім бокам праводзіцца работа па карэкціроўцы ўмоў крэдытнага пагаднення — як па тэрмінах (грашовых сродкаў), так і па тэрмінах зрушэння пагашэння крэдыту, па ўмовах працэнтнай стаўкі. Разуменне з расійскага боку ёсць, але дакументы яшчэ не падпісаны», — заявіў Міхаіл Міхадзюк.

«Фінансаванне будаўніцтва атамнай станцыі ідзе ў планавым парадку, без якіх-небудзь абмежаванняў і затрымак», — дадаў намеснік міністра.

Паводле яго слоў, дакументы знаходзяцца на стадыі канчатковага ўзгаднення і праходжання ўнутрыдзяржаўных працэдур з беларускага і расійскага бакоў.

Як паведамлялася, міжурадавае пагадненне аб прадастаўленні расійскага крэдыту для будаўніцтва АЭС, якое прадугледжвае выдзяленне да $10 млрд, было падпісанае 25 лістапада 2011 года. Сродкі выдзелены для фінансавання 90% кошту работ па генкантракту на будаўніцтва АЭС. Яшчэ 10% аплачвае беларускі бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0