Не чакаў, што «Наша Ніва» можа надрукаваць такі артыкул. У ім найболыш яскрава адлюстравана тое, аб чым самому хацелася выказацца. Не аднойчы задаваў пытанні этнічнай украінскасці нашага рэгіёну, палітычным лідэрам (З.Пазняку, П.Севярынцу), але не чуў зразумелага адказу. Як быццам не існуе ад Пінску да Брэсту мільёна жыхароў нашай краіны, якія размаўляюць на побытавым узроўні далёка не на дыялекце беларускай ці расійскай мовы.

Я жыву амаль на мяжы этнічнага падзелу. Ёсць шмат гістарычных мапаў гэтага падзелу. Але найбольш пэўна адлюстроўваюць сітуацыю этнаграфічныя мапы Карскага.

А зараз, ці мае гэтая тэма падставы? У пачатковых класах, калі з мяне рабілі «homo sovеticus», я абражаў сваю прабабульку, якая размаўляла на вельмі старой нейкай мове (ужывала шмат несучасных словаў). Пазней, наведаўшы Нямеччыну, заўважыў, што шмат якія нямецкія словы маюць адны карані з тымі словамі, што ўжывала мая прабабулька. Пасля я абтрос з сябе саветыкуса.

Аднойчы пры канцы 1960-х, вярнуўшыся са школы, уключыў тэлевізар. Там паказвалі такі сюжэт: у далёкай эстонскай вёсцы заставалася каля дзесятка жыхароў. Вёска вымірала. Мова ў гэтай вёсцы значна адрознівалася ад мовы навакольных. Сюды прыехаў этнограф, каб вывучыць гэтую мову. Ягонае меркаванне такое: сусветная культура нешта страціць, калі памрэ апошні жыхар. Гэта мяне вельмі ўразіла.

Навучаючыся ў школе, шмат разоў было, што калі на перапынках паміж урокамі некаторыя настаўнікі заўважалі, што мы размаўляем на сваёй мове, доўга потым зневажалі нас:

— Нужно разговаривать на русском или белорусском языке, а не на...

Вольна ці нявольна, але нам убівалася наша непаўнавартасць. Гэта потым адлюстроўвалася на нашых адзнаках...

Да нядаўна я разам з сынам часта ездзіў у наш пасёлак да маёй маці. Ён нядрэнна размаўляў на нашай мове. (Гэта было карысна і таму, што потым, калі вучыўся ў Чэхіі, яму было значна прасцей перайсці з украінскай на чэшскую). На нашай вуліцы пражывала сям’я перасяленцаў з вёскі Маладзельчыцы. Бацькі ў той сям’і размаўлялі на нашай мове. Іхні сын, размаўляў толькі па-расійску. Калі яго бацькі чулі, што той пачынаў ужываць пры размове з маім сынам мясцовыя словы, то білі яго па вуснах, адпраўлялі дамоў і некалькі дзён не дазвалялі сустракацца з маім сынам. Яны самі былі не здольныя размаўляць па-расійску, але лічылі, што дачка і сын павінны размаўляць толькі па-расійску.

Летась, праз 38 гадоў пасля заканчэння школы, мы, аднакласнікі, сабраліся. Не кожны можа ўявіць, як гэта прыемна, калі значная колькасць з нас перайшла на родную мову. Мы зноў пачулі дух адносінаў нашага класу.

На працягу двух гадоў я ездзіў ва Украіну. Спрабаваў размаўляць па-ўкраінску. Мяне адразу вылічвалі, што я — не ўкраінец. Але з цягам часу заўважыў, што ва ўкраінцаў, як і ў шмат якіх народаў, ёсць свае дыялекты. Тады пачаў размаўляць па-свойму. Здзіўленню не было канца. Усе ва Украіне перасталі верыць, што я з Беларусі.

— Звідки ты нашу мову так добрэ знаеш? — пытаюцца.

— Я так з маткой розмовляю!

— Нэ можэ буты, тут шось нэ тэ, підманюеш! — супярэчылі ў асноўным мне.

Па маці я з Малашцыцкіх, а гэта — з роду Радзівілаў. Бацька мой з Гродзеншчыны, з Дзятлаўскага раёну. Па прозвішчы, як быццам, паляк. Няма сэнсу абвінавачваць мяне ў жаданні адарваць Брэстчыну ад Беларусі.

Лічу, што мы павінны стаць у першую чаргу еўрапейцамі, а толькі потым — беларусамі, габрэямі, палякамі, украінцамі, расійцамі і так далей. Пакуль не перастанем цягнуць кожны коўдру на сябе, цывілізавана не вырашым нашы суадносіны, то патонем у багне задворкаў Расійскай імперыі, у якой рукі даўжэйшыя, чым мы ўяўляем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?