Віцебск разам з Мінскам прынялі на сябе першы ўдар пандэміі ў Беларусі. Фота Сяргея Серабро.

Віцебск разам з Мінскам прынялі на сябе першы ўдар пандэміі ў Беларусі. Фота Сяргея Серабро.

На пасяджэнні Віцебскага абласнога штаба па супрацьдзеянні распаўсюджванню каранавіруснай інфекцыі выступіў начальнік Галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі. 

«Эпідэміялагічная сітуацыя на Віцебшчыне пры ўсёй стабільнасці застаецца складанай. З 1 красавіка да 12 мая выпісана больш за 5400 пацыентаў, якія вылечыліся ад пнеўманіі. Працу пачалі 308 медыкаў, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю», — сказаў Вішнявецкі, як перадае дзяржаўнае выданне «Віцьбічы».

Пры гэтым чыноўнік не назваў для прэсы агульнай колькасці захварэлых медыкаў, як і колькасці пацыентаў, якія пакуль не вылечыліся. Не назваў ён і паказчыкаў смяротнасці.

У заяве чыноўніка звяртаюць увагу дзве лічбы: 5400 і 308.

Два дні таму Віцебскі абласны аддзел аховы здароўя ў асобе таго самага Вішнявецкага паведамляў, што па стане на 11 мая 20% медработнікаў, інфіцыраваных каранавірусам, «выздаравелі, у тым ліку і ад пнеўманіі, і распачалі работу».

З супастаўлення лічбаў ад 11 мая і 13 мая вынікае, што ўсяго за перыяд распаўсюджвання інфекцыі на Віцебшчыне каранавірусам былі інфіцыраваны больш за паўтары тысячы медыкаў.

У той жа час, паводле апошніх даступных нам звестак Мінздароўя, усяго ў Віцебскай вобласці выяўлена трохі больш за 4000 выпадкаў каранавіруса. 

Ці можа быць, што больш за трэцюю частку хворых складаюць медработнікі? Гэта немагчыма. Ні ў адной краіне няма такой долі інфікаваных медыкаў.

У той жа час лічба 308 складае прыкладна такі працэнт ад лічбы 5400, які блізкі да лічбы інфікаваных медработнікаў у іншых еўрапейскіх краінах — каля 5,7%.

Калі з захварэлых медработнікаў выздаравелі 20%, то лагічна меркаваць, што і ад агульнай колькасці хворых за гэты ж час вылекавалася прыкладна такая ж доля людзей. Статыстычна немагчыма, каб яна значна адрознівалася.

І вось другая анамалія.

Два дні таму, 11 мая, віцебскія ўлады паведамілі пра 5000 вірусных (не бактэрыяльных, не бактэрыяльных і вірусных разам, а менавіта вірусных) пнеўманій на Віцебшчыне ў красавіку. Гэта без уліку сакавіка — а ўспышка пнеўманій каранавіруснага характару пачалася ў Віцебску, а пасля і ў вобласці, прыкладна ў сярэдзіне сакавіка, а да канца сакавіка набыла характар эпідэміі. Па словах прадстаўнікоў мясцовых улад, сітуацыя застаецца напружанай і ў маі, што прадказальна і вытлумачальна ва ўмовах адсутнасці жорсткіх каранцінных мер.

Паўторымся, што толькі ў красавіку афіцыйна было зарэгістравана каля 5000 пнеўманій. Між тым пацверджаных выпадкаў каранавіруса на Віцебшчыне ўсяго 4000 з капейкамі за сакавік, красавік і май разам.

Сёння заяўлена пра 5400 людзей, якія «вылечыліся ад пнеўманіі» за 42 дні.

І тая, і другая лічба значна перавышаюць афіцыйную колькасць хворых на каранавірус на Віцебшчыне.

Пры гэтым з даследаванняў навукоўцаў вядома, што менш чым у 20% хворых на каранавірус развіваецца пнеўманія.

Калі зрабіць праекцыі гэтых лічбаў на колькасць дыягнаставаных 5000 красавіцкіх пнеўманій, то атрымліваецца каля 25 тысяч тэарэтычных носьбітаў каранавіруса на Віцебшчыне толькі ў красавіку. Гэтыя лічбы ў разы адрозніваюцца ад афіцыйна зарэгістраваных.

У адрозненне ад многіх іншых краін, Беларусь не залічвае хворых на вірусныя пнеўманіі ў статыстыку заражаных каранавірусам аўтаматычна. Між тым так робіць, напрыклад, Кітай, пачынаючы ад 12 лютага. У Беларусі і каранавірусныя, і некаранавірусныя пнеўманіі лечаць разам — і гэта лагічна ў дадзенай сітуацыі. Але пры гэтым пнеўманіі не залічваюць у статыстыку каранавіруса і смяротнасці ад яго.

У той жа час вынікі беларускіх тэстаў на COVID-19 часта даюць супярэчлівыя вынікі (гэта тэма для асобнага расследавання).

Выглядае, што менавіта гэтыя дзве прычыны ляжаць у аснове «беларускай статыстычнай анамаліі».

Гэта тлумачыць, чаму беларускія бальніцы, прызначаныя для лекавання COVID-19, набліжаюцца да мяжы запаўнення, а ў некаторых раёнах цалкам запоўненыя, хоць абвешчаная колькасць хворых нашмат меншая за колькасць прызначаных для іх лячэння ложкаў.

Па стане на 13 мая, у Беларусі Міністэрства аховы здароўя заявіла пра 25 825 выпадкаў каранавіруса. Выздаравелі, па той жа інфармацыі, 7711 пацыентаў.

Гэта значыць, што ў стане актыўна хворых у краіне, афіцыйна, знаходзяцца 18 114 чалавек.

Раней Мінздароўя паведамляла, што прыкладна палова хворых праходзяць лячэнне дома. У той жа час па стане на 2 мая было занята каля 12 800 ложкаў з 18 600 зарэзерваваных для каранавіруса. Можна меркаваць, што на сёння доля занятых ложкаў (гэтую статыстыку ў Беларусі, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх ці азіяцкіх краін, таксама агучваюць нерэгулярна) вырасла, бо ад 2 да 13 мая ўсе дні колькасць новавыяўленых хворых стабільна перавышала колькасць выздаравелых.

Калі б беларуская статыстыка па COVID-19 фарміравалася хаця б як у Кітаі, то і лічбы выяўленых хворых, і памерлых былі б іншыя, больш рэалістычныя.

Чытайце таксама:

Пасля інтэрв'ю Tut.by звольнілі галоўнага доктара Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі

«Такі цырк выклікае шаленства». Медыкаў Віцебска і Мінска прымушаюць удзельнічаць у суботніку

У якіх раёнах і гарадах Беларусі сітуацыя з пнеўманіямі і каранавірусам асабліва цяжкая СПІС

Што адбываецца ў Віцебску? Інфармацыя ад уладаў скупая, людзей трывожаць шматлікія пнеўманіі

Смерць ад каранавіруса: заслужаны артыст Беларусі Віктар Дашкевіч

Жонка віцебскага артыста, які ў рэанімацыі з каранавірусам: Мы былі ў трох бальніцах, яны перапоўненыя

Лукашэнка пра памерлага артыста Дашкевіча: Чаго ты ходзіш па гэтай вуліцы і тым больш працуеш?

Шарснёў на сустрэчы з СААЗ: Першых хворых на COVID-19 у Віцебску выявілі ў лютым

Ліст з Бешанковіч пад Віцебскам: «У нас тут сітуацыя, як у 1941-м. Медыкі, нізкі Вам паклон!»

Два тыдні ў Віцебску будзе ісці паэтапная санапрацоўка COVID-бальніц

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?