Інтэрнэт‑партал «Тузін Гітоў» і грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі» пачынаюць новы ўнікальны музычны праект «Тузін.
Перазагрузка». Самыя цікавыя айчынныя небеларускамоўныя выканаўцы розных стыляў запішуць свае абраныя гіты для «Перазагрузкі» па‑беларуску.

Цяпер музыкі, да якіх зьвярнуліся арганізатары праекту, рэвізуюць сваю творчасьць ды вызначаюцца з тым з сваіх гітоў, якому наканавана набыць другое ці паралельнае жыцьцё. Перазагрузіцца ў беларускамоўны сьвет пагадзіліся найлепшыя прадстаўнікі ў сваіх кірунках: зоркі беларускай поп‑сцэны і цікавыя альтэрнатыўныя выканаўцы. Усіх іх лучыць адно — арыгінальнасьць матэрыялу, прафесійнасьць у музычным падыходзе і жаданьне экспэрымэнтаваць.

«Мы разумеем, што зачараваць можа музыка хоць на якой мове, калі гэта зроблена таленавіта, — кажа аўтар праекту, галоўны рэдактар парталу «Тузін Гітоў» Сяргей Будкін. — Але нам хочацца, каб улюбёныя публікай гіты, створаныя тут, прагучалі з новай сілай і на нашай мове».

Наступны этап праекту — пераасэнсаваньне на беларускі лад творчасьці абраных удзельнікаў, якім зоймецца каманда перакладчыкаў‑прафэсіяналаў. Пасьля дасягненьня літаратурнага ўзаемапаразуменьня надыйдзе чарга руплівай студыйнай працы.

«Сутнасьць гэтага праекту, як і слова «Перазагрузка«, адпавядаюць мэтам нашай кампаніі, — кажа каардынатар кампаніі «Будзьма» Алена Макоўская. — А гэта менавіта пагружэньне расейскамоўнай аўдыторыі ў сьвет беларускага Слова, дэманстрацыя сучаснасьці, і пэрспэктыўнасьці нашай культуры, спрыяньне кансалідацыі ў грамадзтве».

Усе песьні праекту будуць публічна прэзэнтавацца на інтэрнэт‑партале «Тузін Гітоў» і сайце кампаніі «Будзьма беларусамі». Сачыце штотыдня за разьвіцьцём падзеяў.

Першы ўдзельнік праекту будзе прадстаўлены публіцы 9 красавіка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?