Палітык Мікалай Статкевіч з паплечнікамі масава падаюць дакументы ў ЦВК. На Плошчы Незалежнасці сабраліся каля 150 чалавек.
Чытайце таксама: Прыхільнікі Статкевіча масава падаюць заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп: толькі па абедзе больш за 10 чалавек
Ён выйшаў да журналістаў і сказаў, што ні адзін яго кандыдат подпісы здаваць не будзе. Палітык мяркуе, што рэальных выбараў у краіне няма. А выбарчую кампанію можна выкарыстаць для таго, каб народ мог легальна збірацца на вуліцах і выказваць свой пратэст.
Подпісы каманда Статкевіча збіраць не будзе, але будзе выкарыстоўваць пікеты па максімуме.
Статкевіч лічыць, што краіне трэба вярнуць выбары, а ўжо потым народ будзе выбіраць таго, каго ён хоча.
Зараз жа людзі баяцца паказваць актыўнасць, сказаў палітык.
«Я думаю, што зграя адчула, што важак саслабеў», — так Статкевіч пракамэнтаваў удзел у выбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.
Кандыдаты Статкевіча прыйшлі на сустрэчу са значкамі «Народнай Грамады». Актывісты раздаюць маскі тым, у каго іх няма.
На плошчы ў спартыўных касцюмах знаходзяцца ціхары, усе ў масках, сядзяць на лаўках па адным.
Мікалай Статкевіч прадставіў журналістам сваіх «кандыдатаў пратэсту». Сам ён быў без маскі, аднак адзначыў, што зрабіў гэта толькі для журналістаў, а так палітык верыць у сур'ёзную небяспеку каранавіруса.
Каля прыступак ЦВК Статкевіч выказаў падтрымку затрыманым актывістам і блогерам. Акцыя ператварылася ў паўнавартасны мітынг.
Таксама палітык выказаўся за мірны масавы пратэст як форму палітычнай барацьбы. Ён заявіў, што гатовы супрацоўнічаць з усімі, хто лічыць, што выбараў у краіне цяпер няма. Мікалай Статкевіч бачыць выбары як нагоду для пратэстаў, бо са статусам кандыдата ў прэзідэнты людзей прасьцей сабраць на вуліцы.
Каментары