Чакаецца, што ў найбліжэйшы час пройдуць беларуска‑расійскія перамовы аб умовах трансляцыі расійскіх тэлеканалаў на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў пасольстве Расіі ў Мінску.
Нагадаем, з 1 красавіка па рашэнні беларускага Тэлекамунікацыйнага галіновага саюза (ТГС) у Беларусі спынена вяшчанне пяці расійскіх тэлеканалаў — «Первый канал. Всемирная сеть», «РТР‑Планета», «НТВ‑Мир», «Рен ТВ», TVCI.
«Справа аб адключэнні тэлеканалаў — тэма вузкаспецыяльная. Гэта справа не дыпламатаў, тут павінны працаваць спецыялісты міністэрстваў інфармацыі дзвюх краін. Наколькі я разумею, дамоўленасць аб такіх перамовах дасягнута», — сказаў супрацоўнік расійскага пасольства.
Паводле яго слоў,
у Расіі не выключаюць ідэалагічнай падаплёкі ў рашэнні беларускага боку адключыць тэлеканалы.
«Расійскі бок робіць такую выснову з фактаў, якія ва ўсіх перад вачамі, — зазначыў супрацоўнік пасольства. — Расійскія тэлеканалы замянілі на расійскія ж тэлеканалы, толькі замянілі інфармацыйна‑аналітычныя на інфармацыйна‑забаўляльныя. Напрыклад, «Россия. Вести 24 часа» кругласутачна гоняць факты, без аналітыкі. А на такіх каналах, як «НТВ‑Мир» і «РТР‑Планета», аналітычныя аўтарскія праграмы нейкія прысутнічалі».
Раней у інтэрв’ю БелаПАН памочнік міністра інфармацыі Беларусі Віктар Казлоў заявіў,
што паміж краінамі не ўрэгулявана пытанне прававых адносінаў у сферы электронных СМІ.
Паводле яго слоў, летась Міністэрства інфармацыі Беларусі накіроўвала свае прапановы наконт гэтага расійскім калегам, але расійскі бок яны не задаволілі.