Заўтра стартуе 19‑ты чэмпіянат Беларусі па футболе ў вышэйшай лізе.

Чатырнаццаць каманд у два кругі разыграюць камплект узнагарод, а таксама высвятляць трох няўдачнікаў, якія развітаюцца з элітай. Налета ж іхняе месца зойме толькі адна каманда, а вышэйшая ліга зменшыцца да тузіна клубаў.

Перспектывы

Па вясенніх прагнозах выглядае на тое, што барацьбу за залатыя ўзнагароды павядуць толькі дзве каманды — барысаўскі БАТЭ і мінскае «Дынама».

Клуб Віктара Ганчарэнкі пасля леташняга трыумфу не стаў слабейшым, хоць і згубіў цэлую групу лідэраў — Радзівонава, Блізнюка, Ермаковіча, Сівакова, Хагуша.

На іх месцы прыйшлі не менш кваліфікаваныя — Булыга, Гоаран, Бардачоў, Шытаў, Паўлаў, Радзькоў. Асабліва ўражвае абарончая лінія барысаўцаў, якая складаецца спрэс з гульцоў зборнай.

Мінскае «Дынама» выглядае не слабейшым. З асноўных гульцоў каманду ніхто не пакінуў, а некаторыя навічкі ўражваюць. Асабліва былы капітан зборнай Сяргей Гурэнка, які вярнуўся з маскоўскага «Лакаматыва». Летась Сяргей быў прызнаны балельшчыкамі «чыгуначнікаў» найлепшым футбалістам каманды, аднак усё адно вырашыў вярнуцца на Радзіму. Гады ўжо не тыя. Таксама да мінчан далучыліся магілёўскі бамбардзір Гаўрушка, Пуціла і некалькі легіянераў.

МТЗ‑РІПА зачапіў фінансавы крызіс. Каманда была вымушана пазбавіцца ад многіх лідэраў, а тым, што засталіся давялося зменшыць грашовы апетыт. Сённяшні МТЗ — не змагар за медалі. Зрэшты, другой камандзе з холдынгу Ўладзіміра Раманава пашанцавала яшчэ меней. «Каўнас» увогуле зняўся з чэмпіянату Літвы, федэрацыя адправіла яго ў трэці дывізіён.

Затое відавочна не ўпусціць шанца ўплішчыцца ў барацьбу БАТЭ і «Дынама» салігорскі «Шахцёр». Значна ўмацаваўся ў міжсезонні і мікашэвіцкі «Граніт».

На першы погляд галоўнымі прэтэндэнтамі на вылет выглядаюць жодзінскае «Тарпеда» і «Смаргонь». Магчыма, магілёўскі «Днепр». Аднак усё вырашыць сезон.

Бюджэты

Па ацэнках газеты «Прессбол» найбольшым бюджэтам валодае БАТЭ — 5,5 мільёнаў даляраў. Гэта вынік трапляння ў Лігу чэмпіёнаў, які значна падвысіў фінансавую запяспечанасць нашага чэмпіёна. Дарэчы, у найбяднейшага расійскага клуба з іх прэм'ер-лігі «Хімкі» — 8,5$.

У мінскага «Дынама» бюджэт крышачку меншы за барысаўскі — 5$. Астатнія клубы яшчэ больш сціплыя.

«Шахцёр» — 2,7 мільёны, «Гомель» — 2,5, «Нафтан» — 2,2, МТЗ‑РІПА, «Віцебск» — 2, «Дынама» (Брэст), «Граніт» — 1,7, «Днепр» — 1,4, «Нёман» — 1,2, «Смаргонь» — 1,1, «Тарпеда», «Мінск» — 1.

Легіянеры

У беларускім чэмпіянаце існуе квота на легіянераў. Адначасова на полі могуць знаходзіцца толькі чатыры «варагі». Найбольшая колькасць іншаземцаў у «Дняпра» — аж восем. Было б адзінаццаць, калі б украінцы Бондараў, Тупчый і Ганчар не прынялі беларускае грамадзянства. У «Нафтана» ж няма ўвогуле ніводнага легіянера.

Агульная ж колькасць замежнікаў сёлета склала 59 чалавек (магчыма, яшчэ крыху ўзрасце). Калі браць па нацыянальным складзе, то выглядае наступным чынам: Расія — 14 футбалістаў, Украіна — 12, Бразілія, Літва — па 6, Грузія — 4, Малдова — 3, Боснія і Герцагавіна, Латвія, Камерун, Кот‑д’Івуар — па 2, Сербія, Францыя, Габон, Гвінея, Нігерыя, Казахстан — па 1.

Расклад

У першым туры сустрэнуцца:

4 красавіка

Салігорск. «Шахцёр» — «Нафтан». Стадыён «Будаўнік». Пачатак а 15:30. Білет — 6000 рублёў (дзіцячы — 3000).

Пінск. «Граніт» — МТЗ‑РІПА. Стадыён «Хваля». Пачатак а 16:00. Білет — 3000 (дзіцячы — 1500).

Гродна. «Нёман» — «Гомель». Стадыён «Нёман». Пачатак а 16:00. Білет — 3000‑6000 (дзецям да 6 гадоў уваход вольны, да 14 — 2000). Прамая трансляцыя на тэлеканале «Лад».

Віцебск. «Віцебск» — «Тарпеда». Стадыён ЦСК. Пачатак а 15:00. Білет — 4000‑5000 (дзіцячы — 2000).

5 красавіка

Смаргонь. «Смаргонь» — «Дынама» (Брэст). Стадыён «Юнацтва». Білет — 2000 (дзецям да 12 гадоў уваход вольны).

Барысаў. БАТЭ — «Днепр». Гарадскі стадыён. Пачатак а 17:00. Білет — 5000 (сямейны — 2500, дзіцячы — 2000).

Мінск. «Дынама» (Мінск) — «Мінск». Стадыён «Дынама». Пачатак а 18:00. Білет — 4000‑5000 (дзіцячы — 1000).

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0