Гэта тэма абмяркоўвалася падчас тэлефоннай размовы 3 красавіка Аляксандра Лукашэнка і Дзмітрыя Мядзведзева
. Як паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы, размова адбылася па ініцыятыве расійскага боку.

"Аляксандр Лукашэнка і Дзмітрый Мядзведзеў абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковых беларуска-расійскіх эканамічных адносін і дамовіліся аб асабістых двухбаковых кантактах у найбліжэйшы час", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Зазначым, што толькі ў сакавіку гэтага года кіраўнікі дзвюх дзяржаў сустракаліся двойчы:
19 сакавіка ў Завідаве ў Цвярской вобласці і 21 сакавіка ў Чырвонай Паляне пад Сочы.

Прэс-служба прэзідэнта Беларусі таксама паведамляе, што кіраўнік расійскай дзяржавы праінфармаваў беларускага калегу аб выніках лонданскага саміту "дваццаткі". Так, удзельнікі сустрэчы абавязаліся аднавіць давер, эканамічны рост і працоўныя месцы, аднавіць фінансавую сістэму, узмацніць фінансавае рэгуляванне, выбудаваць доўгатэрміновае развіццё, рэфармаваць міжнародныя фінансавыя інстытуты (у прыватнасці МВФ), з дапамогай якіх можна было б пераадолець гэты крызіс і пазбегнуць такіх крызісаў у будучыні, спрыяць міжнароднаму гандлю і інвестыцыям, адхіляючы пратэкцыянізм.

Удзельнікі форуму дамовіліся аб выдзяленні МВФ і іншым міжнародным фінансавым арганізацыям на барацьбу з эканамічным крызісам 1,1 трлн. долараў.

Да канца 2010 года на ажыўленне эканомікі краін "дваццаткі" будзе выдаткавана да 5 трлн. долараў. Удзельнікі сустрэчы таксама дамовіліся выдзеліць да 250 млрд. долараў на ажыўленне сусветнага гандлю. Гэтыя сродкі пойдуць на страхаванне экспартных аперацый і дзяржаўныя гарантыі кампаніям, якія працуюць на экспарт.

Асаблівую ўвагу на саміце Расія звярнула на неабходнасць устаранення пратэкцыянісцкіх ахоўных мер, якія блакіруюць развіццё міжнароднага гандлю.

Кіраўнік расійскай дзяржавы паведаміў, што, магчыма, восенню адбудзецца яшчэ адно пасяджэнне "дваццаткі".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?