Беларусы дачакаліся сапраўднага лета. Сьпякота чаргуецца з трапічнымі ліўнямі. Што рабіць, калі раптам адчуеш млоснасьць і нечаканы галаўны боль? Карысныя парады, як папярэдзіць сонечны ўдар, і што рабіць, калі ўберагчыся не атрымалася.

Захворваньне ўзьнікае ў выніку інтэнсіўнага і працяглага ўзьдзеяньня прамых сонечных промняў на вобласьць галавы. Часьцей за ўсё ўзьнікае падчас працы зь непакрытай галавой на адкрытай мясцовасьці, у часе знаходжаньня на пляжы. Каб пазьбегнуць гэтай хваробы трэба прытрымлівацца простых правілаў: па-першае, пазьбягаць працяглага знаходжаньня на сонцы, асабліва ў часе найбольшай сонечнай актыўнасьці – паміж 10 гадзінамі раніцы і 14 гадзінамі дня, па-другое, на галаве мусіць быць кепка, ці панама.

Сымптомы, што ўзьнікаюць пры перагрэве: моцны галаўны боль, галавакружэньне, млоснасьць, ваніты, слабасьць. Пачырваненьне скуры, моцнае потавыдзяленьне, часам насавыя крывацёкі. Пульс і дыханьне пачашчаюцца, артэрыяльны ціск паніжаецца. У цяжкіх выпадках тэмпэратура цела падвышаецца да 41°С, пацярпелы губляе прытомнасьць, зьніжаецца сардэчная дзейнасьць, разьвіваюцца сутаргі. Сымптаматыка сонечнага ўдару можа разьвіцца як падчас інтэнсыўнага сонечнага апраменьваньня, так і праз 6-8 гадзінаў пасьля яго.

Што рабіць?

Пацярпелага неабходна перанесьці ў цень, альбо пакласьці ў ложак. Пры гэтым ён мусіць шмат піць. Для таго, каб павялічыць цеплааддачу, да галавы прыкладаюць халодны кампрэс. Пры павышэньні тэмпэратуры неабходна ўжыць гарачкапаніжальныя сродкі (напрыклад, анальгін, які здымае і галаўны боль). Абавязковыя спакой і сьвежае паветра ў халаднаватым памяшканьні, якое мусіць добра праветрывацца. Цела хворага трэба працерці вільготным халодным ручніком. У цяжкіх выпадках яго абгортваюць вільготнай прасьціной. У выпадку падзеньня сардэчнай дзейнасьці ўжываюць адмысловыя мэдычныя сродкі.

Да прыбыцьця ўрача трэба працягваць ахалоджвальныя працэдуры альбо самастойна шпіталізаваць пацярпелага ў тэрапэўтычнае аддзяленьне. Транспартаваць хворага неабходна толькі на насілках ў ляжачым становішчы.

СП

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0