Аляксандр Лукашэнка 4 красавіка падпісаў указ № 175 "Аб мерах па развіцці вытворчасці легкавых аўтамабіляў".
Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дакумент падпісаны "у мэтах прыцягнення ў Рэспубліку Беларусь замежных інвестыцый у стварэнне вытворчасці легкавога аўтатранспарту".

Згодна з указам,

"юрыдычныя асобы, якія заключылі з Міністэрствам прамысловасці пагадненне аб умовах вытворчасці легкавых аўтамабіляў, будуць на працягу трох гадоў
вызвалены ад вылічэння і выплаты падатку на прыбытак, акцызаў, збору ў рэспубліканскі фонд падтрымкі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі, харчавання і аграрнай навукі ў частцы аб'ёмаў вырабленых легкавых аўтамабіляў і аўтакампанентаў уласнай вытворчасці і іх рэалізацыі".

Апрача таго, на перыяд дзеяння гэтага пагаднення (да 10 гадоў пры ўмове арганізацыі юрыдычнай асобай зваркі, афарбоўкі і зборкі кузава) вытворцы легкавых аўтамабіляў не будуць выплачваць увазныя мытныя пошліны і падатак на дададзены кошт пры змяшчэнні пад мытны рэжым свабоднага абарачэння тэхналагічнага абсталявання і аўтакампанентаў, што ўвозяцца на мытную тэрыторыю Беларусі для вытворчасці легкавых аўтамабіляў.

Як зазначылі ў прэс-службе, "указ скіраваны на развіццё ў краіне зборачных вытворчасцяў легкавых аўтамабіляў і прадугледжвае стварэнне ў рэспубліцы канкурэнтаздольных умоў для арганізацыі вытворчасці легкавых аўтамабіляў у параўнанні з існуючымі ўмовамі працы ў свабодных эканамічных зонах Беларусі, а таксама ў Расійскай Федэрацыі".

Нагадаем, са жніўня 2006 года ў Беларусі вядзецца зборка іранскіх аўтамабіляў "Саманд". Сёння гэта адзіная зборачная вытворчасць легкавых аўтамабіляў у краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?