У Гомелі адмовіліся ад ідэі будаўніцтва флагштока за 1,5 млн рублёў, супраць якога выступалі тысячы гараджан, піша Tut.by.
Увечары 20 мая карыстальнік тэлеграм-чата канструктыўных змяненняў Алекс заўважыў актыўнасць на будаўнічай пляцоўцы. А на наступны дзень з месца будоўлі зніклі абсталяванне, тэхніка, убітыя сваі дасталі, а пляцоўку разраўнялі.
У аблвыканкаме TUT.BY пацвердзілі здагадкі актывістаў — флагштока не будзе.
У лютым стала вядома пра тое, што да Дня Перамогі ў Гомелі на плошчы Леніна плануюць устанавіць 60-метровы флагшток. Металічная стойка павінна былі ўключаць механічны і ручны ўздым сцяга, памер палотнішча 12×6 метраў. На сайце дзяржзакупак з'явілася абвестка пра тэндар на правядзенне работ па яго ўстаноўцы, а таксама добраўпарадкаванні тэрыторыі навокал. Кошт заказу — амаль 1,5 млн рублёў. Грошы на гэта планавалі ўзяць з мясцовага бюджэту.
Гамяльчане стварылі петыцыю супраць будаўніцтва флагштока. Яе падпісалі больш за 4,5 тысячы чалавек.