Пакуль Абаму не забілі,
    Яшчэ мы шанец не згубілі
    Грахі прад Богам замаліць,
    І ўсіх, каго мы не любілі,
    Пакуль Абаму не забілі,
    Яшчэ мы можам палюбіць.
    Пакуль, як на клавіятуры,
    Сьвет беласкуры, чорнаскуры
    (Чаму і музыка гучыць),
    Мы можам не спраўляць хаўтуры
    Па сьвеце, і псалмы і суры
    Адной малітваю лучыць.
    Пакуль Абаму не забілі,
    Яшчэ мы шанец не згубілі
    У храмах сьвечкі запаліць.
    Заб’юць Абаму —
    рухнуць храмы,
    І Бог памрэ, і цень Абамы
    Над Богам будзе галасіць.

Зразумела, гэта ніякае не прароцтва (дай Бог Абаме здароўя і доўгіх гадоў!), а тым больш не экстрэмізм ці заклік да яго. Гэта неадчэпнае ў апошнія месяцы прадчуваньне нейкай сусветнай катастрофы.

Я нават бачыў сон з такім сюжэтам: у Пакістане вырабілі партатыўную атамную бомбу, нехта яе ўкраў і выбухнуў у Амерыцы, якая ня змусіла сябе доўга чакаць з адказам…

Вайна ў тым сне не зачапіла Беларусь.

Чаму?..

Таму што я люблю яе больш за ўсё на сьвеце, больш за ўвесь астатні сьвет — і Бог, які пасылае нам сны, не рашыўся на тое, каб у мяне Беларусь адняць.

Чаму ж тады адымаюць у мяне Беларусь іншыя?..

Тыя, якія адымаюць у мяне беларускую мову, культуру, гісторыю, памяць?..

Яны вышэй за Бога? Ці ў іх Бога няма?.. Ці ў іх няма Бога толькі беларускага?..

Я не хачу, каб Абаму забілі.

Я не хачу, каб нехта ўкраў і скарыстаў бомбу. Ні ў Злучаных Шатах Амэрыкі, ні дзе‑небудзь яшчэ.

Я хачу, каб Бог не дапусьціў гэтага, каб не было катастрофы.

Я хачу, каб быў Ён, беларускі Бог, і каб ва ўсіх нас быў увесь сьвет і была Беларусь.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?