Раней невядомыя лічбы агучыў загадчык аддзела анэстэзіялогіі, рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Мінскага НПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі Аляксандр Дзядзько. Кавалак яго выступу апублікаваў у фэйсбуку бізнэсмен Кірыл Валошын.
З дыяграмы відаць, што на працягу красавіка ў Мінску ў рэанімацыю трапілі 436 чалавекі з каранавіруснай інфекцыяй. З іх 265 чалавек (61%) было пераведзена ў іншыя аддзяленні, 54 чалавекі (12%) на канец месяца працягвалі знаходзіцца ў рэанімацыі.
Астатнія 117 чалавек (27%) памерлі.
«А што ў нас? За красавік падлічылі даныя ў Мінску. У нас лятальнасць склала 27%, што супастаўна з тымі лічбамі, якія прадаставілі замежныя спецыялісты», — кажа Аляксандр Дзядзько.
Разам з тым, паводле афіцыйных звестак Мінздароўя на 1 мая, на ўсёй тэрыторыі Беларусі налічылі толькі 93 памерлых пацыентаў «з шэрагам хранічных захворванняў з выяўленай каранавіруснай інфекцыяй».
Насельніцтва Мінска складае прыкладна 22% ад насельніцтва Беларусі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасць памерлых ад COVID-19 у маі ў краіне перавысіла лічбы за сакавік-красавік, разам узятыя. Па стане на сёння Мінздароўя заяўляе пра 190 памерлых ад COVID-19.
Дапоўнена: у 21:04 у тэлеграм-канале Мінздароўя з'явіўся афіцыйны адказ, са спасылкай на таго ж Дзядзько. Ён сцвярджае, што журналісты яго не так зразумелі.
Маўляў, па-першае, лічба памерлых уключае «не толькі выпадкі пацверджанай інфекцыі COVID-19, але і тыя верагодныя выпадкі, калі ў працэсе ўдакладняючай дыягностыкі дыягназ каранавірус быў зняты і былі выяўлены пнеўманіі іншай этыялогіі».
Па-другое, лічба нібыта ўключае ў сябе ўсіх памерлых ад сакавіка і нават часткова смерці ў маі (бо, маўляў, пасмяротная дыягностыка займае ад 7 да 14 дзён).
«Лічбы былі прыведзены для спецыялістаў», — падсумоўвае Мінздароўя.
***
Чытайце таксама: Новыя лічбы з Віцебска праліваюць святло на «Вялікую беларускую каранавірусную статыстычную анамалію»
Афіцыйная беларуская статыстыка радыкальна разыходзіцца з данымі з краін Еўропы з высокім узроўнем жыцця і развітой медыцынай. Так, у Швецыі і Швейцарыі, дзе колькасць выяўленых хворых прыкладна супадае з беларускай, колькасць памерлых дасягнула 3925 і 1923 адпаведна (Швейцарыя ўводзіла строгія каранцінныя абмежаванні, а Швецыя — нястрогія).
Што датычыць 27-працэнтавай смяротнасці, то варта патлумачыць, што гаворка толькі пра пацыентаў, якія трапляюць у рэанімацыю, а гэта вельмі малы працэнт ад агульнай колькасці хворых.
Поўную версію запісу вэбінара можна было пабачыць тут, але пасля нашай публікацыі доступ да яго закрылі:
«Наша Ніва» будзе далей разбірацца ў дадзенай тэме.