president.gov.by

president.gov.by

На сённяшняй нарадзе з Качанавай, Сергеенкам, Ордай і Шэйманам Аляксандр Лукашэнка адзначыў актывізацыю рознага роду фэйкавых інфармацыйных каналаў, піша БелТА.

«Я заўважыў, што ў так званых фэйкавых каналах, Telegram-каналах ды іншых, яны апошнім часам чапляюць уладу за што папала. Раздзьмуць могуць там скандал з нявыплатай у нейкай канкрэтнай арганізацыі — дактарам, настаўнікам і гэтак далей. Я ўчора Наталлю Іванаўну [Качанаву] папрасіў, каб яна абтэлефанавала ўсіх губернатараў і проста па-людску папярэдзіла іх: калі ёсць нейкая праблема, яе трэба вырашыць на месцы».

Кіраўнік дзяржавы ў гэтым плане прывёў канкрэтны прыклад: «Ну што там гэтая бабруйская хуткая дапамога… Калі яны сапраўды працуюць і звязаныя з гэтымі эпідэмічнымі працэсамі, так трэба падтрымаць людзей. Гэта капейкі для краіны. Але, з другога боку, трэба разумець, што ў роўныя ўмовы мы не можам паставіць тых, хто сёння выконвае «чыстую» і «брудную» працу. У адваротным выпадку мы пакрыўдзім тых, хто сёння ходзіць у чырвоную зону і працуе з заражанымі каранавірусам».

«Таму ўраўнілаўкі быць не павінна. Але грань амаль непрыкметная», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што аўтары фэйкаў зусім не турбуюцца, напрыклад, пра дактароў, а толькі імкнуцца хайпануць. «Для іх не галоўнае гэтыя дактары. Галоўнае — хайпануць. Яны на гэтым хочуць злавіць нейкі хайп. Гэта не наш шлях. Але трэба пацярпець. Мы з імі разбярэмся. Я ўчора вам казаў: прыйдзе час, мы ўсіх паставім на месца», — заявіў ён.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым адзначыў, што закрываць рот нікому нельга, і хай людзі кажуць так, як яны думаюць. «А журналіст, калі ён журналіст, нейкі блогер ці яшчэ нехта, павінны пісаць сумленна, аб'ектыўна падаваць інфармацыю, а не падымаць скандал. Калі не сумленна, калі не адпавядае рэчаіснасці, за гэта трэба адказваць. Як гэта было з расійскім Першым каналам», — акцэнтаваў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён дадаў, што цяпер і ў самой Расіі на міжнародным узроўні патрабуюць, каб адно з замежных заходніх выданняў перапрасіла за фальсіфікацыі на тэму каранавіруса. «Дык а навошта ж расійскія каналы ў нас гэта рабілі?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

«І я тут расіянаў падтрымліваю — ніхто не мае права гуляцца на гэтай тэме. Гэта жыцці людзей. Тут я побач з расіянамі, але адразу кажу: і вы сябе вядзіце адказна па адносінах да іншых краін», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён яшчэ раз заклікаў у гэтай сітуацыі пацярпець, бо галоўнае — гэта выратаванне жыццяў людзей. «Мы павінны прайсці гэты шлях, як мы яго пачалі. І тады людзі разбяруцца, хто мае рацыю, а хто вінаваты.

Усе ўжо ў Беларусі атрымалі прышчэпку і выпрацавалі імунітэт да гэтых нягоднікаў. Так, яны гэта чытаюць, але правільна ацэньваюць. А тыя, хто няправільна ацэньваюць, яны і хочуць так ацэньваць няправільна. Мы іх ужо наўрад ці перавыхаваем і звернем на шлях праўды, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Гэта пэўная частка людзей. Яны ненавідзелі і ненавідзяць Лукашэнку, лічаць, што трэба пабольш яму падкінуць праблем, каб ён спатыкнуўся і ўпаў. Гэта ж мы бачылі і бачым цяпер. Да гэтага трэба больш спакойна ставіцца і проста людзям распавядаць пра факты».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0