Дзяржаўны камітэт па маёмасці месяц таму паведамляў, што 99,83% акцый дзяржаўнага «Парытэтбанка» прададзеныя кампаніі Beristore Holdings Limited, дзе асноўны бенефіцыяр — гэта сын Міхаіла Гуцэрыева, Саід.
Стала вядома, за якую суму прадалі банк — гэта $50 мільёнаў.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал HARBACEVIČ.
«Нашай Ніве» гэтую інфармацыю пацвердзілі бізнес-партнёры Саіда Гуцэрыева.
Але $50 мільёнаў — гэта мала ці зашмат?
На гэтае пытанне адказвае фінансавы аналітык каманіі Duff & Phelps Максiм Адаскевiч.
«Сума ўгоды $50 мільёнаў азначае, што Гуцэрыеў купіў банк за суму, блізкую да памеру 100% яго капіталу — $53 мільёны.
Каб ацаніць, наколькі гэта рынкавая ацэнка, паглядзім на кейс «Белінвестбанка»: дзяржава просіць у ЕБРР за «Белінвестбанк» тыя ж 100% капіталу (гэта $260 мільёнаў), пры гэтым ЕБРР прапаноўваў толькі палову ад гэтай сумы.
А «Белінвестбанк» нашмат больш прыбытковы за «Парытэтбанк» (рэнтабельнасць капіталу 7,3% супраць 0,5% ).
Калі глядзець на тое, за колькі купляюцца банкі Усходняй Еўропы, то каля 80% капіталу — гэта столь. І тое, столькі плацяць толькі за значна больш прыбытковыя банкі, чым беларускія дзяржбанкі.
У мінулым годзе той жа ЕБРР заплаціў 80% капіталу за адзін з сербскіх банкаў з рэнтабельнасцю капіталу ў 12%, і за тыя ж 80% капіталу адзін з македонскіх банкаў з рэнтабельнасцю капіталу ў 14% быў набыты французскім Societe Generale. I гэта да крызicy.
Такім чынам, ацэнка «Парытэтбанка» выглядае завышанай з пункту гледжання рынкавага кошту, якi, на маю думку, складае не больш за палову капіталу (гэта значыць $20 — $25 мільёнаў), калі арыентавацца на паказчыкі банка і параўнальныя ўгоды па куплі іншых банкаў», — лічыць Адаскевіч.