Уводзіць пагранічны кантроль на ўнутранай мяжы Саюзнай дзяржавы не плануецца.
Пра гэта БелаПАН заявіў начальнік прэс‑цэнтра Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка, каментуючы няправільную інтэрпрэтацыю некаторымі СМІ адной з тэм даклада 6 красавіка старшыні КДК Зянона Ломаця прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.

«Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб сітуацыі на пунктах пропуску на беларуска‑расійскай мяжы. Калі на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы пункты пропуску адпавядаюць міжнародным стандартам, то на мяжы з Расіяй сітуацыя патрабуе прыняцця неадкладных мер. Савету міністраў даручана распрацаваць тыповыя праекты абсталявання пунктаў пропуску на беларуска‑расійскай мяжы», — паведаміла напярэдадні прэс‑служба прэзідэнта.

Паводле слоў А.Цішчанкі, гаворка ідзе аб стварэнні ў пунктах пропуску неабходных умоў для выканання, напрыклад, мытных, страхавых задач, правядзення транспартнага і фітасанітарнага кантролю. Для гэтага, а таксама для зручнасці грамадзян, якія перасякаюць мяжу, патрабуецца адпаведная інфраструктура, зазначыў прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта. «Задачы па ажыццяўленні пагранічнага кантролю не ставяцца», — падкрэсліў ён.

Што да дзейнасці беларускіх памежнікаў на прыгранічных тэрыторыях, то, як заявіў А.Цішчанка, сумесна з расійскімі калегамі яны выконваюць задачы праваахоўнай накіраванасці: барацьба са злачыннасцю, кантрабандай, нелегальнай міграцыяй і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?