Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка лічыць надуманымі ўсе размовы аб адстаўцы беларускага ўрада.
Аб гэтым сёння прэзідэнт заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў у Светлагорску.

«Тэма адставак не новая. Гэта падкідаецца тымі людзьмі, хто хацеў бы дэстабілізаваць сітуацыю ў дзяржаве. Можа, такім чынам, яны бачаць сябе ў ролі будучых членаў ураду. Дык мы іх ужо бачылі на пасадах, ні на што яны не здольныя. Такой тэмы — адстаўкі ўрада — пакуль не існуе», — падкрэсліў прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, «калі нехта перастае працаваць, ён абавязкова павінен пайсці».

«У гэтым вы пераканаецеся ў бліжэйшы час, — сказаў кіраўнік дзяржавы.
— Прычым тут урад? Ёсць пэўныя людзі, персаналіі, якія дрэнна, слаба працуюць, стаміліся, таму трэба мець сілу волі, каб пайсці».

«Трэба супакоіцца, перастаць накручваць праблему, якой не існуе. Ворагаў ва ўрадзе няма, праціўнікаў таго курсу, які праводзіцца, таксама няма», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт нагадаў, што па выніках квартала мае намер азнаёміцца з тым, як працуюць кіраўнікі прадпрыемстваў. Па выніках жа паўгоддзя будзе дадзена комплексная ацэнка рабоце эканомікі ва ўмовах крызісу. «Гэта будзе добры паказчык», — дадаў ён.

Гаворачы ў цэлым аб уплыве сусветнага крызісу на эканоміку Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты крызіс у некаторай ступені карысны для краіны, паколькі навучыць і выпускаць запатрабаваную на рынку прадукцыю, і прадаваць, і працаваць.

«Вядома, крызіс — гэта цяжка, але ён мае ачышчальную функцыю для грамадства. Застануцца толькі тыя, хто можа працаваць», — сказаў беларускі лідэр.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?