Алесь Таболіч — той кандыдат, да якога ніхто ўсур’ёз не ставіцца. Але назіраць за якім цікава.

Легенда беларускага металу пайшоў на выбары хутчэй па прыколе. Сам ён тлумачыў гэта тым, што ён, як і дзейны прэзідэнт, Аляксандр Рыгоравіч, а яшчэ зусім не горшы за Таццяну Караткевіч, якая вылучалася пяць гадоў таму.

Таболіч хуценька згуртаваў каманду з сотні чалавек, а ЦВК яе зарэгістравала. Сам Таболіч смяяўся, што рабіў татуаж сястры Ярмошынай, мо таму да яго паставіліся так лаяльна. Здавалася б, на гэтым хайп ад кампаніі ўжо дасягнуў максімуму, але Алесь працягвае даваць падставы для размоў.

Дзіва, але ў апытаннях на розных сайтах Таболіч ідзе шостым-сёмым сярод імаверных кандыдатаў, апярэджваючы, скажам, Андрэя Дзмітрыева. Мабыць, галасуюць найперш тыя, хто ўжо цалкам расчараваўся ў выбарах. І лічаць, што іх патрэбна даводзіць да максімальнага абсурду.

У першы дзень лета Алесь вырашыў сабраць пікет ля гандлёвага цэнтра Green City на Каменнай Горцы. І каб распісацца за металіста выстраілася чарга! Хай і не ў некалькі тысяч, як за дзень да таго ў Ціханоўскіх, але некалькі дзясяткаў чалавек стабільна чакалі на працягу дзвюх гадзін, каб пакінуць свой подпіс. І нават дождж тут не стаў перашкодай.

Прыехала шмат старых рокераў у джынсавых куртках і з нямытымі валасамі, абсалютных альтэрнатыўшчыкаў. Але ў чаргу прыходзілі станавіцца нават пенсіянеры. Кажуць, што гатовыя падтрымаць любога альтэрнатыўнага кандыдата. А калі ён яшчэ і па-беларуску гаворыць, то тым лепш.

Група Таболіча дзейнічала досыць бесцырымонна. Яны проста сталі перад людзьмі з ініцыятыўнай групай Бабарыкі. Але самае дзіўнае, што прыхільнікі банкіра зусім ніяк не абураліся. Мабыць, подпісаў усё адно дастаткова. Можна дапамагчы і іншым.

Побач з натоўпам хадзіў сакратар КХП-БНФ Алесь Чахольскі. Раздаваў друкаваныя аркушыкі з назвамі сайтаў, дзе гуртуюцца прыхільнікі Пазняка. Чахольскі расказаў, што Зянон мае намер выступіць у падтрымку Ціханоўскага, заклікаць людзей распісвацца за яго. «А чаму за Бабарыку не?» — спыталіся ў яго. «Калі людзі пойдуць галасаваць на ўчасткі, хай і за Бабарыку, то Лукашэнка «пераможа»», — пераканана кажа Чахольскі.

Сам Таболіч хадзіў у саламяным брылі, ён з радасцю фатаграфаваўся з прыхільнікамі, раздаваў аўтографы на паштоўках, дзе было запісана «Альтэрнатыва. Развіццё. Творчасць». А яшчэ Таболічу падабаецца падкрэсліваць, што ў ягонай ініцыятыўнай групе парадкавы нумар 13. Гэта, напрыклад, было напісана на вялізным банеры, які музыкі доўга наладжвалі.

Падтрымаць Таболіча прыйшоў Алег Губіч з гурта Kamaedzitca. Адзін з самых правых калектываў нашага року. А Аляксандр Памідораў нават напісаў песню ў падтрымку прэтэндэнта. «Потым свайго дасярбаеш баршчу — дапамажы Рыгорычу! Хопіць баяцца, хопіць маўчаць — падпісвайся за Таболіча», — пад гітару спяваў Памідораў.

Аляксандр Памідораў.

Аляксандр Памідораў.

«31 мая былі ў Гродне. Прыехалі на тры гадзіны, а засталіся на пяць. Столькі людзей было, больш за дзвесце подпісаў сабралі. Ішлі толькі да нас і да Ціханоўскага. Троху сцябаліся, пыталіся: Аляксандр Рыгоравіч, а дзе Лукашэнка? У Гродне людзі вельмі добра ведаюць альтэрнатыўных кандыдатаў», — кажа Таболіч.

У гэты самы момант да музыкі падыходзіць п’янаваты мужчына, які крычыць: «Аляксандр!» «Рыгоравіч», — у смех адказвае кандыдат. Чалавек дастае з кішэні двух белых пацукоў і дэманструе Таболічу. Захаплення ў кандыдата гэта не выклікала, але фотку зрабіў.

«У Салігорску была нармальная тусоўка таксама, а вось у Слуцку людзі дзіўнавата рэагавалі, хацелі падпісацца за Ціханоўскага. Пыталіся за каго я, за Расію ці Еўропу. Калі казаў, што за Беларусь, то казалі: трэба вызначыцца», — расказвае музыка.

Алег Губіч і Алесь Таболіч.

Алег Губіч і Алесь Таболіч.

«Бабарыка, Цапкала — яны не прыйшлі з палітыкі. Нават Ціханоўскі палітыкай не займаўся. Так і Таболіч. Людзям надакучыла палітыка і палітыкі, што праўладныя, што апазіцыйныя. Я дасягнуў мэты, што прэтэндэнты ўжо кажуць, што трэба паважаць і мову, і культуру. Я тут усяго пару металюг ведаю, а астатніх — не. Прыкольна», — кажа Алесь, гледзячы на чаргу.

Відавочна, што Таболіч наўрад ці збярэ неабходныя подпісы і будзе спрабаваць нешта здаць у ЦВК, але сваіх фарбаў у гэтую выбарчую кампанію ў яго атрымалася дадаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?