Адстаўка Навумава — апошні акт у працэсе адхіленьня ад уплыву калісьці магутнай групы на чале з Шэйманам. У складзе ўлады знікла важная прарасійская лабісцкая група. Каментуе Андрэй Ляховіч.

Адстаўка Навумава зьяўляецца заканамернай у сьвятле зьменаў, якія адбываюцца ў Беларусі. З аднаго боку, улада хоча паказаць Захаду на гэтыя зьмены. Зь іншага боку, адстаўка сьведчыць галоўным чынам пра тыя зьмены, пра якія ўлада не гаворыць. Але менавіта гэтыя зьмены вызначаюць характар разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі.

6 красавіка Лукашэнка прыняў адстаўку міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава.

Не выклікае даверу фармальнае тлумачэньне прычыны адстаўкі. У. Навумаў зусім нядаўна дэманстраваў выдатную фізычную форму.

Наўрад ці падставай для адстаўкі стала нядаўняе распаўсюджаньне ў Інтэрнэце звароту ананімных супрацоўнікаў праваахоўчых органаў, у якім выказваліся прэтэнзіі да Навумава.

Таксама ёсьць падставы сумнявацца і ў іншых прычынах адстаўкі, якія называюць шэраг аглядальнікаў. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што пад кіраўніцтвам Навумава так і не было раскрытае самае гучнае злачынства апошняга часу - выбух на афіцыйным канцэрце на Дзень Незалежнасьці 3 ліпеня 2008 г. Аднак расьсьледаваньне гэтага злачынства павінна было знаходзіцца ў вядзеньні ня МУС, а КДБ, як і кожная крымінальная справа, якая адпавядае артыкулам «тэрарызм» і «замах на жыцьцё вышэйшых службовых асобаў». Тое, што на У.Навумава было ўскладзена кіраўніцтва сьледзтвам, азначала, што ўжо ў ліпені 2008 г. ён быў «ахвярным баранам». Ягоная адстаўка ўжо тады была прадвызначаная.

Вэрсія, што адхіленьнем Навумава Лукашэнка хоча задобрыць Захад, каб паехаць у Прагу на саміт Усходняга партнэрства, мае рацыю толькі часткова. Улада хоча весьці дыялёг з Захадам. Але дзеля шэрагу прычын Лукашэнка не зьбіраецца ехаць у Прагу. Рэпрэсіямі ў лютым ён засьведчыў, што хоча весьці дыялёг, дэманструючы сілу сваіх пазыцыяў. Асабіста ехаць у Прагу азначала б для яго прадэманстраваць слабасьць.

Адстаўка Навумава зьяўляецца заканамернай у сьвятле зьменаў, якія адбываюцца ў Беларусі. З аднаго боку, улада хоча паказаць Захаду на гэтыя зьмены. Зь іншага боку, адстаўка сьведчыць галоўным чынам пра тыя зьмены, пра якія ўлада не гаворыць. Але менавіта гэтыя зьмены вызначаюць характар разьвіцьця сытуацыі ў Беларусі.

1. Гэтым крокам улада дае пазытыўны сыгнал для Захаду.
Яна гаворыць, што зацікаўленая ў працягу дыялёгу, і што яна сама будзе зьмяняцца «ў лепшы бок», калі дыялёг будзе працягнуты, а Беларусь будзе ўключаная ў праграму Ўсходняга партнэрства.

Ад пасадаў вызваляюцца асобы, наяўнасьць якіх пры ўладзе стварае пэўныя праблемы ў разьвіцьці адносінаў з Захадам.

У.Навумаў - апошні фігурант справы аб зьніклых у 1999 г. палітыках-праціўніках Лукашэнкі (у 1999 г. ён узначальваў Службу бясьпекі Прэзыдэнта), які знаходзіўся на высокай пасадзе.

2. Гэта сьведчыць пра моцныя пазыцыі ў складзе кіроўнай эліты групаў, якія выступаюць за аўтарытарную мадэрнізацыю,
за падкантрольную, павольную палітычную лібэралізацыю.

Маецца на ўвазе група Віктара Лукашэнкі і група тэхнакратаў на чале з прэм'ер-міністрам Сяргеем Сідорскім. Яны ініцыявалі буйныя ратацыі ў складзе сілавых і кантрольных структураў, акрамя іншага і дзеля таго, каб правесьці наверх сваіх прызначэнцаў.

Значэньне сілавых (КДБ, МУС) і кантрольных (КДК, пракуратура) структураў у палітычнай сыстэме Беларусі памяншаецца. Яны знаходзяцца пад кантролем групаў, якія выступаюць за асьцярожныя, пралічаныя, але ўсё ж - зьмены ў Беларусі.

У.Навумаў быў апошнім прадстаўніком калісьці магутнай групы сілавікоў і кантралёраў на чале зь дзяржаўным сакратаром Савету Бясьпекі Віктарам Шэйманам. Адхіленьне Навумава - апошні крок, скіраваны на поўнае падпарадкаваньне катралёраў і сілавікоў.

3. Ствараюцца дадатковыя ўмовы для эканамічнай лібэралізацыі.

Чым больш падкантрольнымі тэхнакратам і групе В. Лукашэнкі рабіліся кантрольныя і сілавыя структуры, тым больш актыўныя крокі рабіліся ў напрамку эканамічнай лібэралізацыі. Ліквідаваны прэсінг сілавікоў і кантралёраў у адносінах да дырэктарскага корпусу. Усё больш малаверагоднай робіцца антыкарупцыйная кампанія ў адносінах да эканамічнай эліты.

4. Працяг чысткі ў складзе кантрольных і сілавых структураў сьведчыць пра тое, што прыярытэтамі дзяржаўнай палітыкі зьяўляюцца эканамічная мадэрнізацыя, паляпшэньне структуры і якасьці (інстытуцыянальных і функцыянальных характарыстык) дзяржаўнага апарату.
Эканамічныя мэнэджэры-тэхнакраты, юрысты і дыпляматы запатрабаваныя і ўплывовыя. У адрозьненьне ад сілавікоў і кантралёраў, якія апынуліся на другасных, падпарадкаваных ролях.

Характэрна, што летам 2007 г. хадзілі чуткі, што У. Навумаў будзе прызначаны прэм'ер-міністрам. Аднак было зразумела, што Навумаў ня зьменіць Сідорскага.

5. У цэлым улада ў Беларусі робіцца больш прагматычнай, больш гатовай да інавацыяў, зьменаў.

У тым ліку падвышаецца верагоднасьць крокаў з боку ўлады ў напрамку палітычнай лібэралізацыі, бо заўважаецца моцны ўплыў тых, хто ў стане пралічыць гэтыя крокі і іх наступствы.
6. У складзе ўлады ўзмацняецца прадстаўніцтва тых, хто гаворыць па-беларуску, лічыць сябе беларусам і эўрапейцам
(дастаткова прыгадаць адпаведныя заявы кіраўніка Адміністрацыі Прэзыдэнта У.Макея), хто ведае гісторыю Беларусі ў яе несавецкім разуменьні.

Улада будзе працягваць «адбіраць» у апазыцыі тэму беларускай гісторыі, культуры, мовы. Падобна, як яна раней ужо забрала тэму незалежнасьці Беларусі.

У.Навумаў - нараджэнец г.Смаленск (Расея). Ён не вымавіў аніводнага слова па-беларуску, у адрозьненьне ад Макея, які выступае на беларускай мове, і нават ад Лукашэнкі, які вымаўляе беларускія сорвы (напрыклад, «фанабэрыстыя россияне»). Прыйшоў час, калі быць пры ўладзе чыста расейскамоўным, ня ведаць беларускай мовы, не размаўляць нават «на трасянцы» азначае вылучацца ў горшы бок.

7. Адстаўка Навумава пацьвярджае, што ў складзе ўлады няма групаў, якія маглі б выступаць у ролі лабістаў расейскіх інтарэсаў,
выступаць за «сапраўдную» інтэграцыю, як гэтага хоча Расея. Улада дастаткова кансалідаваная ў адносінах да незалежнасьці Беларусі. Таму, па-першае, Беларусь ня зробіць крокаў у напрамку «сапраўднай» інтэграцыі з Расеяй.

Ня будзе заключаны пад дыктоўку Масквы «Канстытуцыйны Акт саюзнай дзяржавы». Не адбудзецца аб'яднаньня грашовых сыстэмаў. Беларусь не перадасьць пад кантроль Расеі бюджэтаўтваральныя прадпрыемствы.

Беларусь будзе дэманстратыўна «крочыць на месцы» ў пытаньнях ваеннай інтэграцыі. Будзе праводзіць сумесныя вучэньні, каб дэманстраваць ролю «шчыта» супраць НАТО, адзінага саюзьніка. Але пры гэтым не аддасьць пад кантроль Расеі сваю сыстэму СПА. Не пойдзе на павелічэньне вайсковай прысутнасьці Расеі. Не пашле салдат ліць кроў за інтарэсы АДКБ , г.зн. Расеі.

І рэжым Лукашэнкі не прызнае незалежнасьць Паўднёвай Асетыі і Абхазіі, бо ня хоча быць прывязаным да Расеі. І ня хоча, каб яго лічылі марыянэткай Расеі.

Па-другое, будзе захоўвацца верагоднасьць чарговага газавага канфлікту з Расеяй. У выпадку ціску з боку Расеі, выстаўленьня непрымальных патрабаваньняў, як гэта было ў студзені 2004 г., Беларусь адкажа гэтак сама, як адказала тады.

Па-трэцяе, Расея ня будзе вылучаць на прэзыдэнцкіх выбарах 2011 г. у Беларусі свайго кандыдата. Будзе пасіўна ці непасіўна (так ці інакш) падтрымліваць кандыдатуру А.Лукашэнкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?