Жудасная гісторыя адбылася ў Рэчыцкім раёне. 33-гадовая жыхарка вёскі Азершчына спачатку забіла свайго 12-гадовага сына, а пасля здзейсніла суіцыд.

«Смерць падлетка носіць крымінальны характар. Паводле папярэдніх высноў экспертаў, смерць жанчыны наступіла ў выніку самапавешвання», — кажуць следчыя.

Жанчыну звалі Ірына Сапончык, яна родам з вёскі Стасеўка, што непадалёк ад Азершчына.

У вёсцы жанчына жыла разам з «грамадзянскім мужам» Дзмітрыем у доме яго сям’і. У іх нарадзіўся сын Даніла.

Ірына і Дзмітрый

Ірына і Дзмітрый

Але каля двух з паловай гадоў таму Дзмітрый памёр. Пасля гэтага ў Ірыны пачаліся праблемы.

«Пасля смерці Дзімы Іра засталася жыць з намі, — распавядае Святлана, сястра Дзмітрыя. — Але паціху пачала піць. Я заўважала гэта, пачала рэагаваць, рабіць ёй заўвагі.

Іра адказвала рэзка: маўляў, чаго гэта я пасягаю на яе правы? Ну і працягвала піць. Таму і з’ехала разам з сынам».

Даніла, сын Ірыны

Даніла, сын Ірыны

Ірына вырашыла жыць асобна. Здымала кватэру, дзе жыла разам з малым. Працавала спачатку прадавачкай у мясцовай краме, пасля прыбіральшчыцай у ліцэі. Але пару тыдняў таму з ліцэя звольнілася.

Прычына звальнення невядомая. Адміністрацыя ліцэя катэгарычна адмаўляецца ад каментаў.

Цяпер ходзяць чуткі, што прычынай жудаснага ўчынку Ірыны мог стаць недахоп грошай.

«Кажуць, ёй не хапала нават на ежу. Наколькі гэта праўда — я не ведаю, — кажа знаёмая Ірыны. — Увогуле ўсе ў шоку: такая добрая жанчына была…»

Сястра памерлага мужа Ірыны таксама не ведае прычын трагедыі.

«Яна, як з’ехала, абарвала ўсе стасункі з намі. Нават малога не пускала да нас, — кажа Святлана. — Пытайцеся ў сясцёр Ірыны, яна з імі падтрымлівала зносіны».

Але ж адказу няма і ў сясцёр. Пляменніца Ірыны кажа: ніхто не ведае, што магло падштурхнуць жанчыну на яе ўчынак. 

«Мама сама ва ўсіх пытаецца, што здарылася і чаму. Запіскі, здаецца, Ірына не пакінула, — кажа пляменніца. — Ды і там не да запіскі было, калі мы ўсё гэта ўбачылі».

Хлопец пляменніцы і знайшоў целы.

«Мы не маглі датэлефанавацца да яе, панікавалі, у выніку паехалі ў Азершчыну, — кажа дзяўчына. — Не маглі патрапіць у кватэру, дзверы зачыненыя.

А кватэра на першым паверсе. У выніку мой хлопец, калі толькі пералез праз балкон, адразу саскокнуў назад, яго амаль ванітавала.

Прытым, што ён залез проста на балкон, унутр не заходзіў. У пярэднім пакоі гарэла святло — ён убачыў пятлю і што нехта ляжыць на падлозе. Сказаў — выклікайце міліцыю, а калі прыехала міліцыя, то яны ўжо залезлі ў саму кватэру».

Таксама сваякі кажуць, што суседка Ірыны бачыла яе ў дзень трагедыі — жанчына была цвярозая, але «нейкая затарможаная, штосьці было з ёй не так». Больш ніхто нічога не ведае.

Цяпер разабрацца ў тым, што стала прычынай бяды, паспрабуюць следчыя. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?