Сёння прыхільнікі Ціханоўскага ладзяць пікеты па зборы подпісаў у 30 гарадах.

У Мінску подпісы за Святлану Ціханоўскую маюць збіраць у традыцыйным месцы, каля ўвахода ў Камароўскі рынак, на вуліцы Веры Харужай. У Брэсце — каля кінатэатра «Беларусь». У Гомелі — каля ўнівермага «Гомель».

Пікеты маюць адбыцца ў шматлікіх малых гарадах — ад Лунінца (каля «Еўраопта» на Блока, 2) і Нароўлі (ля парка, каля Беларусбанка) на поўдні да Гарадка (каля ўніверсама) на поўначы і Добруша (на набярэжнай) на ўсходзе.

Часта ў тых жа месцах збіраюць подпісы іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты — Віктар Бабарыка, Валерый Цапкала.

Карта анансаваных пікетаў па гарадах ёсць у інтэрнэце тут.

Як паведамляюць карэспандэнты «Нашай Нівы», на пікеце на Камароўцы да сталоў Ціханоўскага чарга выстраілася ўжо за 15 хвілін да пачатку збору. На пікет прыехаў таксама кіраўнік хрысціянскіх дэмакратаў Павел Севярынец.

Вось відэастрымы:

Аднак «перадвыбарчую кампанію» ўлады паступова ператварылі ў кампанію застрашвання актывістаў «Краіны для жыцця» — ініцыятывы відэаблогера Сяргея Ціханоўскага. Усяго праз затрыманні прайшлі ўжо некалькі дзясяткаў чалавек. Такіх перашкод на этапе збору подпісаў апазіцыі ў часе ранейшых прэзідэнцкіх кампаній не было.

У той жа час перашкод у працы зборшчыкаў подпісаў за іншых альтэрнатыўных кандыдатаў пакуль не фіксавалася.

Пікеты па зборы подпісаў у многіх гарадах выліліся ў маўклівую дэманстрацыю жадання перамен. Фота і відэа вялікіх чэргаў да сталоў, дзе можна паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, у Мінску, Брэсце, Гродне, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Баранавічах, Стоўбцах, Глыбокім, Лідзе, Ваўкавыску, Бабруйску, Беразіне абышлі інтэрнэт. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0