«Газпрам» не мае намеру мяняць цану паставак газу ў Беларусь на 2020 год, піша «Інтэрфакс».

«Цэнавыя ўмовы пастаўкі газу да канца года былі канчаткова ўзгоднены 14 лютага 2020 года», — паведамляе ўпраўленне інфармацыі «Газпрама», інфармуючы пра адказ старшыні праўлення на ліст міністра энергетыкі Беларусі, атрыманы на мінулым тыдні.

«Пры ўмове поўнага захавання беларускім бокам ужо дасягнутых дамоўленасцей у 2020 годзе, «Газпрам» пацвярджае гатоўнасць пачаць перамовы ў дачыненні да ўмоў пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 года», — паведамляе кампанія.

У канцы мая «Газпрам» паведаміў, што беларускі бок мае доўг за пастаўкі газу ў памеры $165,57 млн. І «адразу, як толькі будзе цалкам ўрэгулявана запазычанасць, расійскі бок будзе гатовы прызначыць перамовы па ўмовах пастаўкі газу з 1 студзеня 2021 года».

Мінск неаднаразова, у тым ліку на найвышэйшым узроўні, ініцыяваў зніжэнне цаны на газ для Беларусі, якая ўпала на спотавых рынках у Еўропе да гістарычнага мінімуму. Напрыклад, Мінэнерга рэспублікі прапанавала «Газпраму» знізіць кошт газу для рэспублікі ў 2020 годзе, у тым ліку за кошт набыцця часткі расійскага газу на біржы.

У мінулую пятніцу Міністэрства энергетыкі Беларусі паведаміла, што накіравала ліст у адрас старшыні праўлення «Газпрама» Аляксея Мілера з прапановай абмеркаваць методыку цэнаўтварэння на газ са студзеня 2021 года.

Мінск штогод імпартуе з РФ каля 20 млрд кубаметраў газу. Гадавы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь па $127 за тысячу кубаметраў быў заключаны 14 лютага 2020 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0