Сяргею Ціханоўскага і яго паплечнікам выстаўленыя абвінавачванні ў рамках крымінальнай справы. Што за справа і па якім артыкуле яна распачатая, стане вядома заўтра.

Сяргей жа застаецца пад вартай на нявызначаны тэрмін, паведамляе «Краіна для жыцця».

Фота Надзеі Бужан

Сяргей Ціханоўскі — адзін з самых папулярных у краіне відэаблогераў. Ён заклікаў да вулічных акцый пратэсту супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і казаў, што перамен можна дабіцца толькі шляхам вулічных пратэстаў і забастовак, што надзеі на справядлівы падлік галасоў пры гэтай сістэме няма. 

Калі Ціханоўскага арыштавалі на 15 сутак перад абвяшчэннем прэзідэнцкіх выбараў, каб не даць яму магчымасці балатавацца, дакументы на рэгістрацыю падала яго жонка Святлана Ціханоўская — настаўніца, якая цяпер сядзіць дома з малымі дзецьмі. Яна вырашыла зрабіць тое, пра што марыў яе муж. Ярмошынай не заставалася выбару, акрамя як яе зарэгістраваць.

Але кампанію вёў сам Сяргей. Ён наняў аўтадом і ездзіў на ім з горада ў горад. Сотні людзей збіраліся вечарамі на плошчах гарадоў, каб паставіць подпіс і пагаварыць з ім. З сабой яны бралі тапкі, якімі б'юць тараканаў. Пасля таго як пенсіянерка з Глыбокага згадала дзіцячы верш «Тараканішча» — пра тое, як адно маленькае насякомае пагрозамі трымае ў страху вялікіх звяроў — Ціханоўскі зрабіў тапак сімвалам сваёй кампаніі. Гэты вобраз выклікаў і смех, і энтузіязм людзей.

29 мая Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў Гродне. Але правакацыя, якая папярэднічала затрыманню, трапіла на відэа, і за ноч карыстальнікі інтэрнэту ідэнтыфікавалі жанчыну з Мінска, якая адыграла ў ёй цэнтральную ролю.

Пазней былі ператрусы ў офісе Ціханоўскага, доме яго маці і на лецішчы. На лецішчы Ціханоўскага сілавікі нібыта знайшлі $900 тысяч.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру