Сканчаюцца цэнтралізаваныя тэсты для выпускнікоў школаў. 29 чэрвеня тэст па хіміі, 1 ліпеня – заключны, па геаграфіі. У цэлым вучні і настаўнікі звыкліся з больш аб’ектыўнай формай праверкі ведаў, але застаюцца нараканьні на бязладнасьць тэставых праграмаў.

Выпускнік Уладзь (мае сярэдні бал 8,6) здаваў тэсты на матэматыку й фізыку. Для яго заданьні на абодвух тэстах былі зацяжкія: «Праз паўгадзіны пасьля пачатку тэстаў сышло ўжо каля траціны ўдзельнікаў. Заданьні былі па ўзроўні ня школьнага курсу, а як для алімпіяды». Школьная настаўніца матэматыкі Галіна, рашаючы з унукам задачы тэсту, адужала толькі па 5 заданьняў з кожнага варыянту.

Натальля, якая здавала гісторыю, кажа, што да канца часу, адведзенага на тэст, даседзела толькі чвэрць прысутных. Трапляліся заданьні проста прымітыўныя – «Назавіце галоўны горад крывічоў». Даць адказы на іншыя пытаньні, ведаючы толькі школьны курс, было немагчыма: «Ішоў урывак зь летапісу, дзе апісвалася, як маскалі пабілі літоўцаў. Трэба было адказаць, у якім годзе гэта адбылося і ў якім месцы». Вяршыняй гістарычнага тэсту было заданьне зь пералікам дзясятка заводаў, пабудаваных у 50–80-я гады ХХ ст., якія трэба было пералічыць у парадку іх узьнікненьня.

Толькі ўхвальныя водгукі я пачуў пра заданьні па мовах – беларускай і расейскай. Хаця і тут былі свае закавыкі. Так, у тэсьце па расейскай мове з 13 складаназалежных сказаў трэ было выбраць такі, каб у першай частцы было дапаўненьне месца, а ў другой – слова, утворанае прыставачна-суфіксальным спосабам.

Рэпэтытар па хіміі Алесь кажа : «Мой прадмет навучэнцы яшчэ не здавалі. Аднак што для бясспрэчна – яно дазваляе больш аб’ектыўна ацаніць веды вучня і зьменшыць карумпаванасьць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?