У чацвер, 11 чэрвеня, супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК прыйшлі з ператрусамі ў галаўны офіс Белгазпрамбанка, кампаніі «ПрыватЛізінг» і «Кампары», а таксама страхавую кампанію «Кентаўр». Дырэктар «Кентаўра» Сяргей Прохарчык распавядае, што па выніках ператрусу ў іх канфіскавалі некаторыя дакументы і тэхніку. Абвінавачванняў нікому не выставілі, кампанія працягвае працаваць і абслугоўваць кліентаў у звычайным рэжыме, а з Белгазпрамбанкам яе звязваюць «добрыя працоўныя адносіны, аснову якіх складае дагавор на разлікова-касавае абслугоўванне», паведамляе Tut.by.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Аляксандра Квіткевіч, Tut.by

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Аляксандра Квіткевіч, Tut.by

Дырэктар кампаніі «Кентаўр» Сяргей Прохарчык распавядае, што ператрус прайшоў у двух офісах кампаніі ў Мінску — на Незалежнасці, 172 і Сурганава, 43. Сам ён у гэты момант знаходзіўся ў офісе на Сурганава. Там ператрус доўжыўся прыкладна з 11.30 да 14.30, у ім удзельнічала каля 11 супрацоўнікаў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.

— Мне паведамілі, што ёсць даручэнне, падпісанае намеснікам генпракурора, аб правядзенні ператрусу ў межах крымінальнай справы. Што за справа, супраць каго яна — не ведаю, — кажа Сяргей Прохарчык. — У нас нікога нікуды не выклікалі, не дапытвалі, абвінавачванняў не прад'яўлялі. Але канфіскавалі дакументы па фарміраванні статутнага фонду, пратакол сходу акцыянераў, базу па бухуліку. У мяне і майго намесніка канфіскавалі службовыя ноўтбукі, у начальніка ўпраўлення добраахвотнага медыцынскага страхавання — два тэлефоны. Хачу сказаць, што супрацоўнікі ДФР паводзілі сябе вельмі карэктна, у рамках дзеючага заканадаўства. Ніякага ціску ні на мяне, ні на супрацоўнікаў не аказвалася. У нас усё ў парадку: мы функцыянуем ў ранейшым рэжыме і працягваем абслугоўваць кліентаў. Гэтая сітуацыя ніяк на нашу дзейнасць не паўплывала.

Па словах дырэктара, раней увагі да «Кентаўра» з боку праваахоўных органаў не было. Праверак таксама не было ні ў гэтым годзе, ні летась.

Сёння ДФР КДК таксама праводзіў ператрус у галаўным офісе Белгазпрамбанка ў рамках крымінальнай справы па ч. 2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч. 2 арт. 235 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры»

— З Белгазпрамбанкам у нас добрыя працоўныя адносіны, аснову якіх складае дагавор на разлікова-касавае абслугоўванне. Мы супрацоўнічаем з імі шмат гадоў, але, акрамя гэтага, супрацоўнічаем яшчэ з 13 банкамі, — каментуе Сяргей Прохарчык. — Мы размяшчалі дэпазіты ў Белгазпрамбанку, а многія супрацоўнікі банка былі ў нас застрахаваны па дагаворах ДМС, па выездзе за мяжу. Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка таксама з'яўляецца нашым кліентам: страхуе ў нас свой аўтамабіль. Але Белгазпрамбанк не з'яўляецца нашым акцыянерам, Віктар Бабарыка — таксама, хоць калі б ён быў нашым акцыянерам, я б гэтым ганарыўся. Гэта значыць з банкам у нас добрыя адносіны, але не больш.

Сяргей Прохарчык дадае, што не ўваходзіць у ініцыятыўную групу Бабарыкі, але «распісаўся ў падпісных лістах у яго падтрымку ў якасці кандыдата ў прэзідэнты ў рамках дзеючага заканадаўства».

— Некаторыя мае супрацоўнікі ўваходзяць у гэтую групу, але ніякай агітацыі на нашай тэрыторыі мы не праводзілі. Кожны з супрацоўнікаў «Кентаўра» сам вырашае, за каго яму галасаваць і падпісвацца, — дадае дырэктар кампаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?