З пятніцы, 12 чэрвеня, пачаўся прыём дакументаў у школы. Каб аддаць дзіця ў беларускамоўную 4-ю гімназію Мінска, бацькі займалі чаргу за дзень і начавалі пад дзвярыма.

Гімназія ў пятніцу ранкам. Фота Аляксандра Ачарэтняга.

Гімназія ў пятніцу ранкам. Фота Аляксандра Ачарэтняга.

«У пазамінулым годзе было свабодна з месцамі, а летась не ўсе ахвотныя патрапілі. Ну і бацькі перастрахаваліся, вырашылі прыйсці раней», — расказвае адзін з тых бацькоў Аляксандр Ачарэтні.

Аляксандр прыйшоў да гімназіі ў 10 раніцы ў чацвер і быў 32-м у чарзе. У выніку сабралося 80 бацькоў.

«Гімназіі, канечне, дзякуй. Калі там убачылі натоўп, вынеслі лаўкі, два кулеры з кубачкамі — учора ж спякота была. Я здагадаўся ўзяць з сабой крэсла і спальнік, але ў некаторых нічога з сабой не было», — дзеліцца бацька.

Каб не начаваць усім пад дзвярыма, людзі разбіліся на пяцёркі і з кожнай засталася па чалавеку.

Ноч пад дзвярыма гімназіі. Фота Аляксандра Ачарэтняга.

Ноч пад дзвярыма гімназіі. Фота Аляксандра Ачарэтняга.

Аляксандр аддае ў першы клас дачку. Сам ён з Расіі, сям’я рускамоўная, але хоча, каб дачка ведала беларускую мову, бо жыве ў гэтай краіне.

«Плюс у гімназіі добрая лінгвападрыхтоўка. У нас раён не вельмі добры, і ісці ў звычайную школу не хацелася. Дзеля дзіцяці адзін раз можна пастаяць», — усміхаецца мужчына.

Ранкам ў пятніцу бацькам у чарзе выпісалі талончыкі, дзе пазначана, у які час да якога кабінета падысці.

Прыём дакументаў у гімназію, як і ва ўсе школы, працягнецца да 15 жніўня. Дырэктар Андрэй Гоцман паведаміў, што для першакласнікаў сёлета 96 месцаў — чатыры класы па 24 чалавекі.

«У нас дастаткова высокія паказчыкі. Працуе музычная школа, ёсць цэнтр замежных моў — можна вучыць польскую, нямецкую дадаткова. І, напэўна, галоўнае — мы святкуем у гімназіі нашы традыцыйныя святы», — тлумачыць дырэктар такую ўвагу да ўстановы.

Калі ахвотных будзе больш, чым запланаваных месцаў, разгледзяць магчымасць данабору.

«У гэтым выпадку ствараецца камісія, разглядае звароты, і мы просім заснавальніка павялічыць лічбу на пэўную колькасць. Але класы не гумовыя, ёсць санітарна-эпідэмічныя патрабаванні, якіх мы павінны прытрымлівацца», — кажа Андрэй Гоцман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?