Пастановай урада № 424 ад 7 красавіка 2009 года зацверджаны архітэктурны праект рэканструкцыі і рэстаўрацыі будынка Беларускага дзяржаўнага цырка,
прадстаўлены Мінскім гарвыканкамам. Каштарысны кошт будаўніцтва складае амаль 130 млрд. рублёў у цэнах 2006 года, паведаміла прэс‑служба Саўміна.

Летась дзяржцырк быў перададзены ў камунальную ўласнасць Мінска. Як зазначыла прэс‑служба, за час эксплуатацыі будынка (з моманту апошняй рэканструкцыі прайшло каля 50 гадоў) яго ўнутраныя памяшканні, абсталяванне і камунікацыі маральна і фізічна састарэлі, у сувязі з чым і было прынята рашэнне правесці ў цырку рэканструкцыю і рэстаўрацыю.

Будаўнікі пачалі работы ў сакавіку. Старое абсталяванне заменяць на новае, больш даўгавечнае.
Для купалападобнага даху плануецца выкарыстаць матэрыялы з тытана‑нікелю або літыю, а драўляныя столевыя перакрыцці замяніць на металічныя. Пры гэтым знешняе аблічча будынка поўнасцю захаваецца.

Апрача таго, будуць пабудаваны новыя аб’екты каля будынка цырка. Побач размесціцца памяшканне водападрыхтоўкі.

Таксама намечана пабудаваць сяміпавярховы будынак, у якім размесцяцца трэніровачная арэна, адміністрацыйныя памяшканні і вальеры для жывёл.

Нарматыўны тэрмін будаўніцтва такога комплексу — два гады. Аднак Мінгарвыканкам паставіў задачу завяршыць работы ў лістападзе гэтага года. Заказчыкам аб’екта выступае УКС Мінгарвыканкама, а генеральным падрадчыкам — ЗАТ НВА «Эльвіра».

Марына Носава, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0