Паводле звестак прэс‑службы Міністэрства аховы здароўя, аперацыі па трансплантацыі ныркі былі праведзены 6 і 7 красавіка ў рэспубліканскім цэнтры уралогіі і нефралогіі 2‑й дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска.

Органы перасадзілі двум хлопчыкам, 10 і 11 гадоў, жыхарам Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці і Гродзенскага раёна. Донарамі выступілі іх жывыя сваякі: у адным выпадку 48‑гадовы бацька, у другім — 28‑гадовая маці.

Як паведамляе прэс‑служба, аперацыі па заборы донарскіх нырак прайшлі ў рэспубліканскім цэнтры нефралогіі 4‑й гарадской бальніцы, пасля чаго закансерваваныя органы былі перавезены ў 2‑ю дзіцячую бальніцу Мінска. Трансплантацыі выкананы брыгадай спецыялістаў, якая складаецца з трансплантолага, дзіцячых уролагаў, анестэзіёлагаў і нефролагаў.

Стан усіх пацыентаў «стабільны і адпавядае цяжкасці перанесеных аператыўных умяшанняў»,
паведамляе прэс‑служба. Ныркавыя трансплантаты працуюць добра і выконваюць усе свае функцыі.
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, у перасадцы ныркі ў Беларусі маюць патрэбу 24 дзіцяці, некаторыя дзеці знаходзяцца ў лісце чакання больш як пяць гадоў.

Толькі шэсць беларускіх дзяцей маюць дзейны трансплантат. Ныркава‑замяшчальную тэрапію атрымлівае 41 дзіця.

Колькасць перасадак нырак дарослым штогод узрастае: калі ў 1998 годзе ў краіне было зроблена 17 аперацый па перасадцы ныркі, то ў 2008‑м — 70. З пачатку гэтага года ўжо выканана 25 трансплантацый.

Алена Спасюк, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0